Infiniti прадставіла новае крос-купэ QX65
- 27.03.2026, 23:10
- 1,110
Мадэль атрымала стыльны дызайн, багатае абсталяванне і поўны прывад.
Прэміяльны брэнд Infiniti прадставіў новае крос-купэ Infiniti QX65.
QX65 створаны на базе Infiniti QX60, але атрымаў больш эмацыянальны і спартыўны дызайн у стылі, які атрымаў назву Artistry in Motion. Пярэдняя частка вылучаецца трохмернай рашоткай радыятара з падсветленым лагатыпам і раздзеленай аптыкай: дзённыя хадавыя агні размешчаныя асобна ад асноўных фар. Дадатковы эфект стварае сістэма святлавой анімацыі, якая праектуе ўзоры на зямлю.
Сілуэт крос-купэ фарміруюць нахіленая лінія даху і дынамічнае лабавое шкло, што амаль не паўплывала на прастору ў салоне — запас над галавой пасажыраў другога рада зменшыўся ўсяго на 15 мм. Аўтамабіль атрымаў колы дыяметрам да 21 цалі, суцэльную святлодыёдную паласу задніх ліхтароў і кампактны спойлер.
Габарыты амаль паўтараюць QX60: даўжыня складае 5,04 м, але QX65 на 10 мм даўжэйшы і пры гэтым з’яўляецца толькі пяцімесным. Ад трэцяга рада адмовіліся на карысць дызайну, што паўплывала і на аб’ём багажніка, які стаў меншым у параўнанні з базавай мадэллю.
Інтэр’ер амаль цалкам запазычаны ў QX60, але з акцэнтам на камфорт і тэхналогіі. У стандарце — лічбавая панэль прыбораў і мультымедыйная сістэма з інтэграцыяй Google Maps, Google Assistant і крамы прыкладанняў. Таксама прадугледжаны падагрэў сядзенняў, панарамны дах, бесправадная зарадка і аўдыёсістэма.
У версіі Sport дадаюцца прэміяльныя матэрыялы, вентыляцыя сядзенняў і больш магутная аўдыёсістэма Klipsch з 16 дынамікамі, а топавая камплектацыя Autograph атрымлівае скураны салон з масажам, праекцыйны дысплей і аўдыёсістэму на 20 дынамікаў з функцыяй індывідуальнага гучання для кіроўцы.
Пад капотам — 2,0-літровы турбарухавік магутнасцю 268 к.с., які працуе з 9-ступеньчатай аўтаматычнай каробкай перадач. Усе версіі аснашчаюцца поўным прывадам і могуць буксіраваць да 2,7 тоны. У будучыні чакаецца з’яўленне больш магутнага V6 і, верагодна, спартыўнай мадыфікацыі Red Sport.
Сярод тэхналогій бяспекі — комплекс ProPILOT Assist, адаптыўны круіз-кантроль, аўтаматычнае тармажэнне і сістэма ўтрымання ў паласе. У топавай версіі даступная сістэма ProPILOT Assist 2.1, якая дазваляе рух па трасе без рук на рулі.
Вытворчасць мадэлі стартуе на заводзе ў ЗША, а продажы пачнуцца ўжо летам. Стартавы кошт складзе ад $53990, што робіць QX65 крыху даражэйшым за папярэдніка.