У аўтамабілі ганаровага кансульства Беларусі знайшлі пісталет
2- 27.03.2026, 22:28
- 1,832
Інцыдэнт адбыўся ў Чарнагорыі.
Супрацоўнікі чарнагорскай памежнай паліцыі затрымалі грамадзяніна Босніі і Герцагавіны, які ехаў на аўтамабілі ганаровага кансульства Беларусі. У багажніку аўтамабіля знайшлі пісталет і патроны, паведамілі ў МУС Чарнагорыі 27 сакавіка, перадае «Зеркало».

Уначы 26 сакавіка 44-гадовы грамадзянін Босніі і Герцагавіны, жыхар Сараева, уязджаў у Чарнагорыю праз памежны пераход Шчэпан-Поле. Ён ехаў на Audi A8, якая належыць ганароваму кансульству Беларусі ў Босніі і Герцагавіне. Мужчыну праверылі, бо ён «прадстаўляў аператыўную цікавасць».
«Падчас вобшуку мужчыны і транспартнага сродку ў багажніку ў дарожнай сумцы была выяўлена агнястрэльная зброя — пісталет Glock 45 FS з кабурай і 17 патронамі», — паведаміла паліцыя.
Зброю канфіскавалі, а вадзіцеля змясцілі пад варту па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, звязанага з незаконным захоўваннем і нашэннем зброі і выбуховых рэчываў.

Нагадаем, першае ганаровае кансульства Беларусі ў Босніі і Герцагавіне (ў горадзе Пале) адкрылі ў 2020 годзе, яго ўзначаліў Неделько Элек.
Мінулым годам Элек распавядаў мясцоваму тэлебачанню, што з краіны «адвезлі 35 чалавек на трансплантацыю ныркі ў Беларусь».

Заяўляецца, што менавіта ён валодае аўтамабілем з дыпламатычнымі нумарамі — аднойчы паркаваўся на ім на тратуары перад будынкам суда.
Лічыцца чалавекам, блізкім да экс-прэзідэнта Рэспублікі Сербскай (утварэнне ў складзе Босніі і Герцагавіны) Міларада Додзіка. Калі той яшчэ ўзначальваў рэгіён, у 2024 годзе ён наведваў з ім Беларусь. Менавіта на суд над гэтым палітыкам Элек прыязджаў на дыпламатычным аўтамабілі.
У пачатку бягучага года паведамлялася пра арышт у Сараеве шасці чалавек за захоўванне наркотыкаў і зброі. Сярод іх быў Мілутын Данілавіч, вядомы як Міча, якога лічаць блізкім паплечнікам Неделько Элека. Яго называюць датычным да замаху на забойства спевака Ацы Лукаса.