Хакеры, звязаныя з Іранам, узламалі электронную пошту дырэктара ФБР
1- 27.03.2026, 20:20
- 1,780
Яны злілі яго перапіску за 10 гадоў.
Хакеры, звязаныя з Іранам, узламалі асабістую электронную пошту дырэктара ФБР Каша Пателя і апублікавалі частку яго перапіскі, паведамляе Reuters.
Адказнасць за інцыдэнт узяла на сябе хакерская група Handala Hack Team. На сваім сайце яны заявілі, што Патель цяпер апынуўся сярод ахвяр, уліковыя запісы якіх былі паспяхова ўзламаныя.
Прадстаўнік Мінюста пацвердзіў агенцтву, што асабістая пошта дырэктара ФБР сапраўды была скампраметаваная, а матэрыялы, што з'явіліся ў інтэрнэце, выглядаюць сапраўднымі.
ФБР не пракаментавала сітуацыю, а хакеры таксама не выйшлі на сувязь, каб даць дадатковыя каментары.
Handala пазіцыянуе сябе як прапалестынская хакерская група, але заходнія эксперты па кібербяспецы лічаць, што гэта адзін з некалькіх псеўданімаў, пад якімі дзейнічаюць падраздзяленні іранскай кібервыведкі.
Нядаўна гэта ж група заявіла пра ўзлом амерыканскай медыцынскай кампаніі Stryker з Мічыгана, сцвярджаючы, што яны выдалілі вялікі аб'ём дадзеных кампаніі.
Reuters не змагла самастойна праверыць сапраўднасць выкладзеных лістоў. Аднак асабісты адрас Gmail, які Handala называе ўзламаным, супадае з адрасам, звязаным з Пателям у папярэдніх уцечках дадзеных — гэта пацвердзіла кампанія District 4 Labs, якая спецыялізуецца на разведцы даркнэту.
Сярод апублікаваных матэрыялаў, паводле дадзеных Reuters, ёсць асабістыя фатаграфіі дырэктара ФБР і перапіска — як асабістая, так і рабочая. Лісты датуюцца 2010–2019 гадамі.