27 сакавiка 2026, Пятніца, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мужчына крычаў у чарзе, што яго павінны прапусціць, бо ён з Масквы»

94
«Мужчына крычаў у чарзе, што яго павінны прапусціць, бо ён з Масквы»

Беларусы распавялі, што іх найбольш абурае ў паводзінах расіян.

Расіяне масава задума́ліся пра пераезд у Беларусь на фоне абмежавання інтэрнэту ў сябе ў краіне. У сацсетках яны пытаюцца, якая сітуацыя ў Беларусі: што з цэнамі на жыллё і як працуе інтэрнэт. «Салідарнасць» запытала ў суайчыннікаў, якія жывуць у краіне, як яны ставяцца да такой магчымай рэлакцыі ўсходніх суседзяў. Усе імёны суразмоўцаў зменены.

Дар’я, 29 гадоў. «З боку расіян бачу наплявальніцкае стаўленне да нашых грамадзян і спробы навязаць сваю перавагу»

— Хацелася б быць больш добразычлівай і ветлівай у гэтым пытанні, бо беларусы ў свой час таксама шмат куды пераехалі, але, на жаль, не атрымліваецца.

Разумею, што ўсіх пад адну грэбёнку не згарнеш, што ёсць шмат добрых расіян — у тым ліку мае сябры і знаёмыя, якія могуць прыехаць на тыдзень. Але тое, што цяпер назіраю ўжывую і ў інтэрнэце, шакуе.

Па-першае, татальнае ігнараванне правілаў: у дзевяці з дзесяці выпадкаў, калі бачу парушэнне ПДР (хтосьці запаркаваўся на тратуары або лятае па дарозе) — гэта аўтамабілі на расійскіх нумарах.

Па-другое, агульная непавага. Ад знаёмых чула, як расіяне спрабуюць разлічыцца тут сваімі рублямі. Пры гэтым пасля адмовы — здзіўленне накшталт «памяняйце самі» або «а што, у вас свая валюта?». Кагосьці наогул шакуе, што ў нас свая мова.

Ну і самае балючае — калі яны з пенай у роце даказваюць, што мы Белоруссия, а не Беларусь. Я не люблю спрачацца ў каментарыях, але з адной з такіх «адораных» у нас былі баталіі пад пастом.

Лічу, што гэта абсалютная непавага ўперамешку з імперскімі замашкамі. Пазіцыя некаторых расіян — гэта адмаўленне шматвяковай гісторыі Беларусі, наплявальніцкае стаўленне да нашых грамадзян і спробы навязаць сваю перавагу.

Здавалася б, у Расію таксама прыязджае шмат беларусаў, але ніхто не паводзіць сябе там як цар і не кажа, што Расія — частка Беларусі.

Найбольш страшнае ў гэтай сітуацыі тое, што калі-небудзь мы сапраўды юрыдычна можам страціць статус незалежнай рэспублікі (бо фактычна гэта ўжо назіраецца). Беларускай мовы мала, у метро прыбралі транслітарацыю лацінкай, замяніўшы яе на рускую. Нерухомасць скупляецца расіянамі, бо нават з такімі высокімі цэнамі, як у нас, у Расіі кватэры ўсё адно даражэйшыя. Пра расійскіх прапагандыстаў у Беларусі я наогул маўчу...

Дык што ўсё гэта вельмі сумна. Калі б яны прыязджалі «моўчкі», дык наўрад ці ў кагосьці ўзнікалі б пытанні. Напрыклад, людзі з Кітая жывуць спакойна, нікога не абражаюць, адкрываюць свае кавярні.

Мы жывём у свеце з адносна адкрытымі межамі — жыць можна не там, дзе нарадзіўся. Але хочацца больш павагі ад людзей, якія знаходзяцца не ў сябе дома.

Арына, 34 гады. «Калі яны будуць разумець, што Беларусь — іншая краіна са сваімі правіламі, магчыма, я змяню меркаванне»

— Не скажу, што стаўлюся рэзка негатыўна. Але не вельмі рада гэтаму, бо ў нас розны менталітэт. Многія расіяне лічаць, што раз мы ў асноўным гаворым па-руску, то павінны жыць паводле іх правілаў. А ў нас і так хапае тых, хто не можа прачытаць верш па-беларуску або па загаду перайменоўвае назвы прыпынкаў.

Не адмаўляю, што ў Расіі ёсць класныя людзі. Але, здаецца, многія з тых, хто да нас едзе, да іх не належаць. Вось, напрыклад, нядаўна з сяброўкай абмяркоўвалі гісторыю з Трэдз пра расіян, якія ганарыліся, што ехалі ў Беларусі 120 км/г пры дазволеных 60. Вось да нас паедуць такія.

Таму стаўлюся не пазітыўна. Але калі яны будуць разумець, што Беларусь — іншая краіна са сваімі правіламі, магчыма, я змяню меркаванне.

Фёдар, 43 гады. «Гэта ўплывае на нашу эканоміку, выдаткі»

— У нас цяпер вельмі шмат расіян. На трасе кожная пятая машына — з расійскімі нумарамі. Пры гэтым ездзяць нахабна: могуць не ўключыць паваротнік, падрэзаць. А штрафы ім за гэта не прыходзяць.

Я, шчыра кажучы, дрэнна стаўлюся да таго, што яны могуць масава пераехаць у Беларусь. У гэтым плане я нацыяналіст — мы ўжо даўно маглі перабудаваць наша жыццё, гаварыць па-беларуску, але ў нас ідзе навязванне рускай.

Культурна беларусы з расіянамі вельмі розныя. Беларус не дазволіць у сябе дома таго, што яны дазваляюць у нас.

Яксьці здымаў кватэру ў Віцебску, якую здае расіянка. Назваў яе па імені па бацьку, а яна пачала хаміць: чаго гэта вы мяне так называеце, кажыце, як у Еўропе — па імені, але на вы. Падумаў: а што гэта вы еўрапейцамі сталі, хіба вы не заўсёды былі супраць Еўропы? І наагул дзіўна, што яна мне ў маёй жа краіне робіць заўвагі.

І, вядома, яны едуць да нас з грашыма, што моцна ўплывае на беларускую эканоміку, на нашы выдаткі. Кватэры, якія раней каштавалі 50 тысяч долараў, пасля прыезду расіян сталі па 100 тысяч. А даходы ў нас розныя. Нават арэнда стала казачных грошай — каля 150 рублёў у суткі.

Беларусы не могуць дазволіць сабе адпачынак у санаторыі за восем тысяч рублёў, а расіяне — могуць. Таму нашыя санаторыі забітыя імі.

Дзяржава, вядома, задае ўстаноўку, што гэта «сяброўская краіна», «браты» і ўсё ў такім духу — маўляў, трэба ставіцца да гэтага нармальна. Нават па БТ кажуць «рэгіёны», хоць у нас — вобласці.

У нас, вядома, таксама хапае грубых, невыхаваных людзей. Асабліва цяпер, калі грамадства падзялілася на тых, хто «за», і тых, хто «супраць». Але расіяне, як мне здаецца, у параўнанні з намі наогул меры не чуюць у сваіх паводзінах.

Ігар, 26 гадоў. «Мужчына крычаў у чарзе, што яго павінны прапусціць, бо ён з Масквы»

— Стаўлюся дваіста: з аднаго боку, ВУП нашай краіны расце, бо расіяне тут трацяць грошы, з другога — усё даражэе, паколькі большасць прыязджае з Піцера і Масквы.

Таксама ў мяне не надта прыемныя сустрэчы з рускімі ў Беларусі. Два гады таму бачыў, як мужчына крычаў у чарзе, што яго павінны прапусціць, бо ён з Масквы.

Але часцей за ўсё расіян можна сустрэць у Zara. Перад святамі выносяць паўкрамы. Прычым я сам чуў, як на касе некаторыя пытаюцца, чаму нельга разлічыцца расійскімі рублямі, маўляў, мы ж «амаль адна краіна».

Марыя, 28 гадоў. «Чамусьці заўсёды патрабуюць ведаць курс расійскага рубля, хоць беларусы звычайна ведаюць толькі курс долара»

— Для мяне, як для вадзіцеля, важная бяспека руху. Большасць беларусаў акуратныя ў кіраванні, чаго не скажаш пра кіроўцаў з Расіі, якія часта ствараюць аварыйныя сітуацыі. Нядаўна ледзь не здарылася ДТЗ, калі мяне падрэзала машына без паваротніка на расійскіх нумарах.

У двары аднаго з новых раёнаў Мінска ёсць праблема з паркоўкамі, але нашы людзі не нахабнічаюць, у той час як аўто на расійскіх нумарах могуць стаяць другім шэрагам, цалкам перакрываючы праезд. Пры гэтым кантактныя нумары не ўказаныя. І такое адбываецца рэгулярна.

Можа падацца, што гэта нейкі прыкол, калі кажуць, што расіяне хочуць разлічыцца сваімі рублямі ў нас у краіне, але гэта наша рэальнасць. Калі яшчэ працавала ў сферы абслугоўвання, часта была сведкай падобнага. Яшчэ яны чамусьці заўсёды патрабуюць ведаць курс, хоць беларусы звычайна ведаюць толькі курс долара.

Таксама мяне вельмі хвалюе пытанне кошту жылля. За апошні год цэны выраслі на 20–25%. Калі расіяне пачнуць масава пераязджаць, цэны падрастуць яшчэ вышэй. Хоць куды ўжо вышэй? Мне, як адзінокай дзяўчыне без дапамогі мамы, таты і спадчыны, хацелася б самастойна купіць кватэру, але ў цяперашні час гэта здаецца немагчымым.

Яшчэ раздражняе, што ўсе перадусім кажуць пра тое, што ў нас усё працуе без VPN, ёсць арыгінальная кола, Zara і Bershka. Але больш за ўсё злуе, калі прыязджаюць і нават не ведаюць правільнай назвы краіны, а яшчэ бывае вучаць нас, паказваючы, што ў іх дзесьці там напісана.

Размовы пра тое, колькі ў нас расіян і пра іх паводзіны пастаянна прысутнічаюць сярод сяброў, калег, родзічаў. Асабліва апошнім часам. Ну і ў стужцы Трэдз кожны пяты пост пра «хачу пераехаць у Белоруссию». Ад гэтага ўжо нудзіць.

Бывае, з’яўляюцца пасты, што негатыўна да іх пераезду ставяцца толькі тыя, хто жыве за мяжой. А мне кожны раз хочацца напісаць: «Сяджу ў Мінску і адкрыта вам заяўляю, што не трэба да нас ехаць, калі паводзіце сябе па-хамскі», і ўсё ў такім духу.

Потым разумею, што за гэта мне яшчэ што-небудзь прыпішуць, роблю глыбокі ўдых і закрываю Трэдз.

Сцяпан, 49 гадоў. «Паводзяць сябе вельмі па-хамску»

— З таго, з чым я сутыкаўся, — расіяне не ўмеюць кантраляваць сябе ў грамадстве. Пры гэтым, паводле назіранняў, масквічы і пецярбуржцы прыязджаюць будаваць бізнес або купляюць кватэры — і з’язджаюць. У каго ёсць грошы — адпачываюць і жывуць у іншых краінах. А да нас едуць з больш дробных гарадоў. На жаль, многія паводзяць сябе вельмі па-хамску.

Святлана, 53 гады. «Калі бачу апытанні расіян, хочацца ажно тэлефон разбіць»

— Я катэгарычна супраць. Няма чаго да нас ездзіць і ўсталёўваць свае правілы. Калі бачу цэны на арэнду і куплю кватэр — дрэнна становіцца. Дзяржава кажа нараджаць, але як маладой сям’і купіць кватэру?

Далей, мы цяпер не можам паехаць у санаторый. Па сем–дзевяць тысяч каштуюць пуцёўкі. Санаторыі забітыя нашымі «братамі» ў двукоссі, і гэта агідна. Сваім грамадзянам трэба прадастаўляць гэтую магчымасць.

Я сама люблю Піцер і раней ездзіла. Але цяпер — не. Гэта краіна-агрэсар. І калі бачу апытанні, дзе расіяне кажуць: «Ну нічога, вытрымаем, галоўнае, што ў нас ёсць зброя», хочацца ажно тэлефон разбіць. У мяне ажно падняўся ціск ад размовы…

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках