Улады не пусцілі вернікаў памаліцца ў Чырвоны касцёл
3- 24.03.2026, 20:11
- 4,062
Пра гэта расказаў былы настаяцель касцёла.
Экс-настаяцель прыходу Чырвонага касцёла ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк расказаў у TikTok пра вынік сваёй размовы з дырэктарам «Мінскай спадчыны», да якой цяпер адносіцца храм. Аляксандр Яцко адмовіў ксяндзу ў малітве каля саркафага фундатара храма Эдварда Вайніловіча, перадае «Зеркало».
Будынак сталічнага Чырвонага касцёла — уласнасць «Мінскай спадчыны». Там вядуцца будаўнічыя работы. Ксёндз Завальнюк прасіў дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства Яцко дапусціць яго 10 красавіка да саркафага фундатара храма Эдварда Вайніловіча для малітвы. Святар адказвае за працэс прылічэння Вайніловіча да ліку блажэнных (беатыфікацыю), а ў згаданую дату спаўняецца 10 гадоў з пачатку гэтай працэдуры.
Паводле слоў Завальнюка, чыноўнік адмовіў яму ў дазволе памаліцца.
«На пачатку размовы я адразу папярэдзіў, што нашы намеры наведаць саркафаг фундатара Эдварда, які пахаваны пры Чырвоным касцёле, які ён збудаваў, маюць чыста духоўны і малітоўны характар памяці, без аніякай палітычнай афарбоўкі», — адзначыў ксёндз.
Цяпер будынак касцёла абгароджаны плотам, доступ на тэрыторыю забаронены.
Нагадаем, рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску павінна завяршыцца ў 2027 годзе.
Пускаць туды вернікаў перасталі пасля таго, як 26 верасня 2022 года ў храме пры неўстаноўленых абставінах здарыўся невялікі пажар. У кастрычніку 2022 года ўлады прынялі рашэнне забраць Чырвоны касцёл у вернікаў — разарваць пагадненне з абшчынай прыходу Святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні будынкам.
«Хрысціянская візія» паведамляла, што вернікам абяцаюць вярнуць Чырвоны касцёл пры ўмове адстаўкі настаяцеля Завальнюка. У жніўні 2024 года Уладзіслаў Завальнюк пайшоў на пенсію. Настаяцелем прыходу стаў Франц Рудзь, але касцёл вернікам так і не вярнулі.
У сярэдзіне сакавіка 2025-га стала вядома пра будучы рамонт. Ад прыходу патрабавалі вывезці цалкам усе рэчы, нават самыя габарытныя.