Няхай Лукашэнка не пытаецца: «А мяне за што?»
2- Віталь Цыганкоў
- 24.03.2026, 17:18
- 6,862
Беларусь стане часткай ланцуга кіравання ўдарамі па Украіне і краінах НАТА.
Расія збіраецца ўсталяваць у Беларусі чатыры станцыі кіравання беспілотнікамі далёкага радыюсу дзеяння. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, са спасылкай на даныя ўкраінскай выведкі.
Падобныя станцыі, паводле слоў Зяленскага, могуць з'явіцца і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Раней Зяленскі заяўляў, што ўкраінскаму боку ўдалося вывесці з ладу некалькі рэтранслятараў у Беларусі, праз якія кіраваліся расійскія беспілотнікі, але тады ён не раскрыў падрабязнасцяў гэтых дзеянняў.
Адразу варта адзначыць, што 3–4 станцыі, пра якія гаворыць Зяленскі, выглядаюць як сістэмная інфраструктура. Гэта дубляванне, гэта пакрыццё розных напрамкаў, гэта магчымасць праводзіць некалькі аперацый адначасова. Таму ў выпадку рэальнай рэалізацыі гэтых планаў тэрыторыя Беларусі стане платформай для кіравання ўдарамі на даволі вялікія адлегласці.
Што гэта азначае на практыцы, калі гэта сапраўды будзе зроблена? Па-першае, Беларусь яшчэ больш уцягваецца ў расійскую ваенную інфраструктуру, нават калі фармальна не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Беларусь стане часткай ланцуга кіравання ўдарамі, а не проста «суседняй нейтральнай тэрыторыяй».
Па-другое, размяшчэнне такіх станцый робіць іх законнымі ваеннымі мэтамі для Украіны. Калі Зяленскі ўжо абвясціў пра знішчэнне некаторых рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі, то, відавочна, Украіна зробіць усё магчымае, каб знішчыць і гэтыя новыя аб'екты. Ці будзе гэта зроблена з дапамогай беспілотнікаў або нейкага ўнутранага сабатажу, у любым выпадку гэта прывядзе да эскалацыі адносін з Украінай.
Па-трэцяе, такое размяшчэнне павялічвае і без таго празмерную ваенную і палітычную залежнасць Беларусі ад Расіі. Урэшце, такія аб'екты відавочна кантралююцца расійскімі вайскоўцамі і інтэграваныя ў агульную сістэму кіравання Расійскай Федэрацыі. Тыя ж станцыі могуць кіраваць любымі беспілотнікамі — і тымі, якія могуць быць запушчаныя не толькі ў бок Украіны. Запускаючы такія беспілотнікі, напрыклад, у Польшчу па загадзе расійскага вайсковага кіраўніцтва, ці будзе расійскі афіцэр пытацца дазволу ў беларускага кіраўніцтва? Рытарычнае пытанне.
Для суседніх краін НАТА гэта будзе азначаць пашырэнне расійскай ваеннай інфраструктуры ў Беларусі, што, безумоўна, можа выклікаць адпаведны сіметрычны або асіметрычны адказ. Гэта можа быць узмацненне войскаў на мяжы, новыя санкцыі, паглыбленне ізаляцыі — у любым выпадку ўзмацненне напружанасці ў адносінах.
Такім чынам, калі дапусціць, што сітуацыя можа перайсці да сур'ёзнай эскалацыі, і любое дзеянне выкліча такі ж асіметрычны ці неасіметрычны адказ, — Лукашэнка потым можа не пытацца: «А мяне за што?»
(Віталь Цыганкоў, «Фэйсбук»)