«Галава ў кагосьці трасецца разам з генеральнай лініяй»
1- 24.03.2026, 13:56
- 3,562
Поспехі Лукашэнкі не пацвярджаюцца ніякімі эмпірычнымі данымі.
Трошкі дзіву даюся цяпер з таго, як некаторыя добрыя людзі прыдумваюць мінаючаму гаранту дыпламатычныя трыумфы над амерыканцамі, піша Telegram-канал «Лісты да дачкі». Хаця, чаго тут дзівіцца? У добрых людзей бывае Стакгольмскі сіндром. А ад яго веліч гаранта ім здаецца амаль такой жа вялікай, як унутры ўласнага гарантаўскага тэлевізара.
Праўда, дыпламатычныя перамогі гаранта не пацвярджаюцца ніякімі эмпірычнымі данымі. Яны гэтымі эмпірычнымі данымі толькі абвяргаюцца. Таму даводзіцца прыдумваць канспіралагічныя тэорыі.
Напрыклад, пра тое, як росквіт нібыта расцвіце, калі гарант прадасць Нежынскае калійнае радовішча багатаму амерыканскаму дзядзечку. Хаця яно, па-першае, ніяк не расцвіце, бо аднаго радовішча на ўвесь росквіт не хопіць.
А па-другое, ні адзін амерыканскі дзядзечка пакуль не выказваў жадання яго набыць. Хоць нехта настойліва выказваў жаданне прадаць.
Ці пра тое, як нехта спрытна падмануў амерыканцаў, пераканаўшы іх зняць яму санкцыі менавіта з Белінвестбанка, а не з якога іншага банка. Бо Белінвестбанк выдае грошы на вайну. Таму, кажуць добрыя людзі, цяпер нехта зможа зарабіць на вайне больш грошай.
Дык я скажу адну разумную рэч, толькі ты не дзівіся: калі паскрэбці любы беларускі банк, выявіцца, што ён выдаваў, выдае і будзе выдаваць грошы на вайну. І нават скрэбці асабліва доўга не трэба. Яны гэтага практычна не саромеюцца.
На вайну працуюць сотні беларускіх прадпрыемстваў, і ўсе яны атрымаюць крэдыты ад беларускіх банкаў.
Таму ў гэтым сэнсе зусім усё роўна было мінаючаму гаранту, з якога канкрэтна банка яму здымаюць санкцыі. І калі б нехта мог выбіраць, ён, я думаю, выбраў бы сабе больш салідны Беларусбанк.
Але ў некага і ўгода ўжо зусім не вялікая, і выбіраць яму асабліва не даводзіцца. Не з гуманізму ж ён пакінуў у краіне вызваленых закладнікаў і вярнуў літоўцам іх фуры. Не дачакаўшыся, заўваж, перамоваў на найвышэйшым дыпламатычным узроўні.
А калі яшчэ, па парадзе Коула, нехта перастане набіраць новых закладнікаў, дык я ўвогуле слаба ўяўляю, як яго стабільнасць зможа гэта доўга перажыць.
Таму я разумею, навошта дзеля свайго гаранта стараюцца яго тэлевізары. Яго тэлевізарам трэба даказаць, што гарант у іх яшчэ ого-го. Майстар дыпламатычных манеўраў і геній тонкіх геапалітычных сэнсаў.
Але калі глядзець неўзброеным тэлевізарным вокам, то гэта, вядома, не відавочна. А відавочна якраз наадварот. Відавочна, што галава ў кагосьці трасецца разам з генеральнай лініяй. І не толькі праз незваротныя ўзроставыя змены.
Проста нехта столькі манеўраваў, што забрыў у такія месцы, адкуль не ведае, як выйсці. Ані ўзрост, ані здароўе, ані абноўлены геапалітычны статус ужо не спрыяюць свабодзе дыпламатычных манеўраў.