«А 3.05 разбудзіў дрон»: падрабязнасці пра выбух у Літве каля мяжы з Беларуссю
- 24.03.2026, 9:52
- 2,972
Гук чулі і ў Беларусі.
Уначы на 23 сакавіка у Літве недалёка ад мяжы з Беларуссю адбыўся выбух. Вайскоўцы мяркуюць, што гэта быў дрон, які мог прыляцець з нашай краіны. Падрабязнасці прыводзіць выданне Delfi.
Можна меркаваць, што ў Варэнскім раёне, каля вёскі Лавісас, мінулай ноччу мяжу Літвы перасёк і выбухнуў беспілотнік, сказаў прадстаўнік літоўскай арміі, Гінтаўтас Цюніс.
«Што гэта за аб’ект, пакажа расследаванне <�…>, але, відавочна, мы можам сказаць, што знойдзены рухавік унутранага згарання. Такія рухавікі выкарыстоўваюць у некаторых дронах <�…>. Можна меркаваць, што гэта быў дрон», — паведаміў Цюніс.
Паводле слоў прадстаўніка арміі, відавочцы паведамлялі пра дзірку на лёдзе возера Лавісас і абломкі, што валяліся вакол. Мясцовы жыхар распавёў, што каля трох гадзін ночы пачуў выбух. А да гэтага — гук дрона, які ляцеў. Ён пацвердзіў, што частку абломкаў знайшлі, іншыя шукаюць — збіраюць доказы, якія перададуць следчым. Сярод знаходак — рухавік унутранага згарання, які выкарыстоўваецца на дронах.
«Адкуль аб’ект мог прыляцець, пакуль не ведаем. Вядома, мы знаходзімся побач з Беларуссю. Расследаванне яшчэ не правялі, але гэта найбольш імавернае меркаванне. Вядома, з гэтай краіны», — зазначыў Цюніс.
Ён адзначыў, што радары літоўскай арміі след аб’екта не заўважылі. Яго не чулі і памежнікі. Пакуль на месцы выбуху не знайшлі выбухоўкі.
Расповед мясцовага жыхара — уначы разбудзіў гук «Шахеда»
Паводле слоў Вітаўтаса Лебеднікаса, уладальніка сядзібы ў вёсцы Жюрай прыкладна ў трох кіламетрах ад месца здарэння, уначы яго разбудзіў гук, падобны да жужжання беспілотніка тыпу Shahed.
«А 3.05 разбудзіў дрон, ён праляцеў вельмі нізка над сядзібай <�…>. Прыкладна праз пятнаццаць секунд — магутны выбух. Такі гучны, што аж вокны затрымцелі. Я выйшаў паглядзець: нічога, цішыня», — распавёў мужчына радыёстанцыі LRT.
«Раніцай я паехаў паглядзець у адзін і ў другі бок, дзе б ён мог быць. Я прыехаў [у месца] у трох кіламетрах ад месца здарэння, недалёка ад вёскі Лавісас, на беразе возера, і бачу, што там ужо стаяць паліцыя і выратавальная служба», — сказаў ён.
Мужчына таксама дадаў, што яму ўдалося запісаць выбух на свой тэлефон, але пра інцыдэнт ён паведаміў службам толькі раніцай:
«Ніхто не тэлефанаваў. Магчыма, чалавек трыццаць гэта чулі. Не ведаю, незвычайная рэч».
Дрон чулі і ў Беларусі
Нагадаем, уначы на 23 сакавіка ў розных кутках краіны беларусы чулі «жужанне», падобнае да гулу беспілотніка. Абмеркаванні гэтага з’явіліся ў Threads, піша «Зеркало».

Жужанне дрона згадвалася і ў пастах пра Гродна. Згаданы Варэнскі раён Літвы якраз мяжуе з Гродзеншчынай. Возера Лавісас знаходзіцца прыблізна за 20 км ад беларускай мяжы і за 60 км ад беларускага абласнога цэнтра.
Заўважым, у Threads пісалі, што ў Гродне каля 3.30 чулі дзіўны гук. У Літве відавочца казаў пра 3.05 па мясцовым часе (літоўскі час — гэта мінус гадзіна ад мінскага) — то бок прыкладна праз паўгадзіны. Круізная хуткасць дрона тыпу «Шахед» — каля 150–170 км/г.