19 сакавiка 2026, Чацвер, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Куды, пытаецца, дзеваецца ўвесь французскі шык?»

6
«Куды, пытаецца, дзеваецца ўвесь французскі шык?»

Нястыкоўка-с.

«Беллегпрам» працягвае пераконваць беларусаў у тым, што адзенне айчыннай вытворчасці — найлепшы выбар. Праўда, робіць гэта даволі сваесабліва.

Нагадаем, нядаўна кіраўнік МАРТ Артур Карповіч абвінаваціў у тым, што беларускія тавары дрэнна купляюцца, саміх беларусаў — дакладней, «свядомасць нашых людзей», якая, маўляў, сляпа пакланяецца заходнім брэндам. Беларусы адказалі, што справа не ў свядомасці, а ў тым самым суадносінах цаны і якасці: ніякі патрыятызм не ўратуе, калі тавары даражэйшыя і горшыя за імпартныя.

На гэтым завочная дыскусія чыноўнікаў з грамадзянамі не скончылася. Начальніца ўпраўлення гандлю і маркетынгу «Беллегпрама» Вольга Грабеня заявіла ў інтэрв’ю БЕЛТА, што ў калекцыях адзення ад беларускіх прадпрыемстваў адлюстраваныя сучасныя модныя тэндэнцыі прама з парыжскіх пляцовак. Амаль паводле крылатай цытаты — «як у найлепшых дамах Парыжа і Лондана». Праўда, не адразу:

— Модныя трэнды з парыжскіх подыумаў прыходзяць у звычайнае жыццё праз год-два — мода адаптуецца. Менавіта адаптаваная мода прасочваецца пры вытворчасці калекцый нашых прадпрыемстваў.

Паводле слоў Грабені, беларускія дызайнеры і мадэльеры штогод адсочваюць каляровыя тэндэнцыі, фактуры тканін, актуальныя напрамкі — і ўжываюць іх у працы.

Гэтыя развагі прадстаўніца «Беллегпрама» прыправіла шчодрай порцыяй ліслівасці на адрас беларусак: маўляў, нашы жанчыны «сочаць за паказамі, многія наведваюць іх, глядзяць па тэлевізары, вывучаюць трэнды ў інтэрнэце».

Відаць, пасля гэтай прамовы беларускі павінны кінуцца ў крамы і скупляць айчынныя навінкі, што з невялікай затрымкай паўтараюць заходнюю моду? Калі такія знойдуцца, вядома. Бо, судзячы з асартыменту беларускіх універмагаў, парыжская мода ідзе ў Беларусь пехатой.

І пакуль рэчаіснасць, за рэдкімі выключэннямі, абвяргае заявы чыноўнікаў. Беларусы выкладваюць ролікі проста з крамаў, дзе, што называецца, паказваюць тавар тварам — высвятляецца, што нават падарункавыя сертыфікаты на некалькі сотняў рублёў атоварыць не так ужо і проста. Састарэлых, нецікавых, няўдалых і пры гэтым дарагіх прадметаў адзення — колькі заўгодна, а вось такіх, каб надзеў і пайшоў і ў свята, і ў будзень, яшчэ пашукай.

Не выключана, што беларускія мадэльеры і канструктары, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах, сапраўды крэатыўныя, разумеюць модныя тэндэнцыі і ўмеюць шыць прыгожа. Але ў працэсе дзесьці нешта не сыходзіцца, не сшываецца і ідзе не так. І куды, пытаецца, дзеваецца ўвесь французскі шык?

У выніку насіць тое, што гэтыя самыя прадпрыемствы выпускаюць у масавы продаж, беларусы не могуць і не хочуць. Нястыкоўка-с.

P.S. І ўдагонку ма-аленькае такое пытанне: калі «беларускае» — гэта адаптаваныя сусветныя модныя тэндэнцыі, чаму асяроддзе Лукашэнкі і ён сам аддаюць перавагу французскім і іншым «нядружалюбным» арыгіналам?

Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках