Іран нанёс балістычны ўдар па найбуйнейшым у свеце ЗПГ-комплексе ў Катары
10- 19.03.2026, 5:34
- 4,786
Чатыры ракеты перахапілі, адна трапіла ў Рас-Лаффан і выклікала пажар.
Іран нанёс удар па Катару, у выніку чаго адна з балістычных ракет трапіла ў прамысловы горад Рас-Лаффан — ключавы цэнтр вытворчасці звадкаванага прыроднага газу. На аб'екце ўзнік пажар.
Пра гэта паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Катара.
«Грамадзянская абарона вядзе барацьбу з пажарам у раёне Рас-Лаффан пасля іранскага абстрэлу», — паведамілі ў ведамстве.
Кампанія QatarEnergy пацвердзіла атаку і паведаміла пра значныя пашкоджанні.
«Для ліквідацыі пажараў, што ўзніклі ў выніку аварыі, былі неадкладна прыцягнуты аварыйна-выратавальныя брыгады, паколькі нанесены значныя пашкоджанні. Месцазнаходжанне ўсяго персаналу ўстаноўлена, і на дадзены момант пра ахвяры не паведамляецца», — гаворыцца ў заяве кампаніі ў X.
Пазней у катарскім міністэрстве паведамілі, што выратавальнікам удалося ўзяць пажар пад кантроль.
Рас-Лаффан з'яўляецца ключавым энергетычным цэнтрам краіны, дзе размешчаны адзін з найбуйнейшых у свеце комплексаў па звадкаваным прыродным газе.