У Малдове ўпаў расійскі «Шахед» з выбухоўкай
1- 17.03.2026, 19:15
- 1,958
Відэа.
Расійскі беспілотнік выявілі на тэрыторыі малдаўскага сяла Тудора на поўдні краіны. Паводле ацэнак уладаў, дрон нёс выбухоўку.
Аб гэтым заявілі прэзідэнт Малдовы Мая Санду і МЗС краіны.
Беспілотнік упаў каля сяла Тудора ў Штэфан-Водскім раёне — недалёка ад дзяржаўнай мяжы. Кампетэнтныя органы ўжо прымаюць меры для нейтралізацыі пагрозы.
«Выяўлены сёння ў малдаўскім сяле Тудора расійскі беспілотнік, паводле ацэнак, нясе выбухоўку. Гэта сур'ёзнае парушэнне нашай паветранай прасторы і пагроза для нашых грамадзян», — напісала яна ў X.
Таксама прэзідэнт Малдовы заявіла, што Расія падвяргае небяспецы грамадзян яе краіны.
У МЗС Малдовы назвалі інцыдэнт пагрозай для бяспекі грамадзян.
«Рэспубліка Малдова пацвярджае важнасць захавання свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці», — гаворыцца ў заяве ведамства.