У Польшчы на мяжы з Беларуссю канфіскавалі шмат лекаў
1- 17.03.2026, 13:58
- 2,292
Колькі можна ўвозіць, каб не було праблем?
Польскія мытнікі канфіскавалі некалькі партый медыцынскіх прэпаратаў, якія кіроўцы спрабавалі ўвезці ў краіну з Беларусі праз пункт пропуску «Цярэспаль». Пра знаходкі паведамілі ў Мытна-падатковай адміністрацыі Любліна, паведамляе Most.
Так, грамадзянін Беларусі спрабаваў правезці праз мяжу амаль 200 флаконаў з гіалуронавай кіслатой. Яе ўжываюць, у прыватнасці, у эстэтычнай медыцыне і касметалогіі, а таксама ў артапедыі. Кантрабандны груз кіроўца схаваў у прасторы за пярэднім бамперам, у месцы для CD-дыскаў і пад бакавой ашалёўкай багажніка.
Яшчэ адной машынай кіраваў грамадзянін Польшчы. У ёй супрацоўнікі мытні знайшлі 100 ампул прэпарата, які ўжываецца пры дэгенератыўных захворваннях суставаў і пазваночніка, а таксама пры астэапарозе. Медыкаменты былі схаваныя ў багажніку транспартнага сродку.
У абодвух выпадках прэпараты канфіскавалі, а ў адносінах да мужчын распачалі крымінальныя падатковыя справы за кантрабанду.
На чыгуначным памежным пераходзе ў Цярэспалі мытнікі таксама знайшлі партыю лекаў — 200 ампул сродку, які ўжываецца ў стаматалогіі для мясцовай анестэзіі паражніны рота. Яны былі схаваныя ў лакаматыве цягніка — у сістэме падачы паветра. Крымінальную справу распачалі супраць памочніка машыніста.
Колькі лекаў можна ўвезці ў Польшчу
Мытня нагадвае, што пацыент можа ўвезці ў Польшчу для асабістага карыстання без спецыяльных дакументаў не больш за пяць найменшых упакоўкаў лекавага сродку. Гэта не датычыцца наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, на ўвоз якіх патрабуецца спецыяльны дазвол. Лекі, увезеныя для асабістага карыстання, нельга нікому перапрадаваць — такое дзеянне караецца.