«Гэта проста анекдот»
1- 17.03.2026, 10:06
- 2,798
Што не так з беларуска-расійскім «саюзным» самалётам.
Праект беларуска-расійскага лёгкага самалёта «Асвей», які ствараецца разам з «Уральскім заводам грамадзянскай авіяцыі», фактычна замарожаны.
Аўтар і вядучы праграмы «Аптымум» на канале «Беларусы і рынак» Андрэй Махоўскі ў каментары «Белсату» назваў цалкам натуральным, што «Асвей» не даецца лёгка:
«Для гэтага ўральскага завода гэта не адзіны праект, там ёсць яшчэ два падобныя праекты: самалёты «Байкал» і «Ладага». «Ладогу» мусілі выпусціць у канцы мінулага года, але так і не выпусцілі. З «Байкалам» наогул адбываецца нешта зусім незразумелае. «Асвей» распрацоўваўся на аснове гэтых двух самалётаў. Гэта значыць, мы ўзялі праекты, якія не былі дапрацаваныя, і на аснове гэтых двух праектаў вырашылі стварыць свой».
Адпаведна, робіць выснову эксперт, няма нічога дзіўнага ў тым, што тэрміны вытворчасці пераносяцца. А тое, што расіяне выставілі новы рахунак, ён назваў «проста анекдатычнай гісторыяй»:
«З самалётам «Байкал» была дакладна такая ж гісторыя. Спачатку ён мусіў каштаваць 120 млн расійскіх рублёў. Цяпер гаворка ідзе пра тое, што цана будзе, здаецца, 480 млн рублёў, нешта такое. Там атрымаўся каласальны рост».
Паводле слоў Махоўскага, праблема гэтага сумеснага праекта Беларусі і Расіі ў тым, што бакі стараліся не нешта пабудаваць, а асвоіць бюджэтныя сродкі.