Беларусам прапануюць мангастыны за 74,99 рубля
3- 17.03.2026, 9:18
- 3,356
У інтэрнэце людзі дзеляцца рознымі ўражаннямі.
У беларускія крамы завезлі экзатычны фрукт — мангастын. Яго заўважылі ў адным з супермаркетаў у Жлобіне. Кошт, праўда, аказаўся вельмі куслівы — каля 74,99 рубля за кілаграм, піша Tochka.by.
Некаторыя пакупнікі прызналіся, што бачаць такое ўпершыню. У інтэрнэце людзі дзеляцца рознымі ўражаннямі: адны кажуць, што смак ім не вельмі спадабаўся і гэта «грошы на вецер», іншыя параўноўваюць мангастын з лічы або адзначаюць, што яго часцей купляюць «для фота ў інстаграме» або для смузі.
@olli.gaevskaya Я ўпершыню бачу такі фрукт 🫣
♬ sonido original - BullaBeats - Bulla Beats 🇦🇷
Мангастын — трапічны фрукт з Паўднёва-Усходняй Азіі, у Жлобін яго завезлі з Інданезіі. Ён мае цёмна-фіялетавую, амаль чорную, шчыльную скурку, а ўнутры — белая сакавітая мякаць, падзеленая на дзолькі, падобныя да мандарына. Смак звычайна салодкі або салодка-кіслы.
Фрукт лічыцца карысным, бо змяшчае вітаміны і антыаксіданты. Яго ядуць свежым, дадаюць у салаты, дэсерты, сокі і кактэйлі.
Раней у адным з мінскіх супермаркетаў таксама з’явіўся яшчэ адзін экзатычны фрукт — пепіна, які яшчэ называюць «дынявай грушай». Ён каштуе каля 45,99 рубля за кілаграм і на смак нагадвае сумесь дыні, грушы і трапічных фруктаў.