Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў адмовіцца ад перагляду санкцый супраць Расіі і Беларусі
- 16.03.2026, 14:27
- 1,092
У Вільні папярэдзілі пра стратэгічныя наступствы такога кроку.
Еўрапейскі саюз «не павінен рабіць стратэгічную памылку і пераглядаць санкцыі супраць Расіі і Беларусі дзеля кароткатэрміновага паніжэння цэнаў на нафту». Такое меркаванне выказаў журналістам міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 16 сакавіка перад пачаткам пасяджэння Савета ЕС па замежных справах, піша «Позірк».
Паводле яго слоў, такое рашэнне стала б «вялізнай стратэгічнай памылкай у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве». «Мы павінны і далей падтрымліваць Украіну», — дадаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Чыноўнік канстатаваў, што «няма нічога даражэйшага, чым танная расійская нафта»: «Гэта можа прывесці да страты палітычнай аўтаноміі [Еўрапейскага саюза], карупцыі, палітычнага ўмяшання [Расіі ў справы ЕС]». Будрыс заклікаў разам з краінамі Персідскага заліва шукаць іншыя шляхі вырашэння праблемы высокіх цэнаў на нафту.
Заяве кіраўніка МЗС Літвы папярэднічала абвешчанае прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам часовае паслабленне санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да расійскай нафты і нафтапрадуктаў на тле росту цэнаў на нафту з-за ваенных дзеянняў на Блізкім Усходзе.
У парадку дня пасяджэння Савета ЕС па замежных справах у Бруселі — пытанні расійскай агрэсіі супраць Украіны, сітуацыі на Блізкім Усходзе, супрацоўніцтва з паўднёвымі суседзямі ЕС і інш.