У Беларусі пачнуць налічваць падатак на сабак нават без іх рэгістрацыі
16- 16.03.2026, 10:08
- 2,632
«Даносіць» прапануюць ветэрынарам і суседзям.
З 1 ліпеня 2026 года ў Беларусі падатак на сабаку будуць налічваць не толькі ўладальнікам, якія афіцыйна зарэгістравалі гадаванца. Плаціць давядзецца і тым гаспадарам, у якіх будзе ўсталяваны сам факт пражывання жывёлы, нават калі яна не пастаўлена на ўлік.
Пра тое, як будуць атрымліваць такую інфармацыю, у эфіры СТВ распавяла намесніца генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Вольга Драпей. Паводле яе слоў, даныя плануюць збіраць штомесяц з розных крыніц — ветэрынарных клінік, гатэляў для жывёл і іншых месцаў, куды ўладальнікі прыводзяць сабак. Таксама магчымыя паведамленні ад грамадзян і суседзяў.
Стаўкі падатку на 2026 год ужо зацверджаныя. За сабаку звычайнай пароды трэба будзе плаціць 14 рублёў у квартал, за патэнцыйна небяспечную — 67 рублёў. Пры гэтым мясцовыя саветы могуць змяняць памер ставак, але не больш як у два разы.
Падатак пачынаюць налічваць з моманту, калі сабаку спаўняецца тры месяцы.
Закон прадугледжвае шэраг ільгот для ўладальнікаў сабак. Не плаціць падатак могуць асобы з інваліднасцю, якія валодаюць сабакамі-павадырамі, а таксама людзі з інваліднасцю першай, другой і трэцяй групы.
Ад падатку таксама вызвалены многадзетныя сем’і, сем’і ўсыноўнікаў дзяцей з інваліднасцю да 18 гадоў, а таксама грамадзяне, якія пражываюць у аднакватэрных дамах або ізаляваных памяшканнях.
Зарэгістраваць сабаку можна ў службе «адно акно» па месцы жыхарства. Для гэтага спатрэбіцца толькі дакумент, што сведчыць асобу.
Працэдура рэгістрацыі бясплатная, а жэтон і пасведчанне ўладальніку выдаюць у той жа дзень.
Калі ж сабака не зарэгістраваная, гэта лічыцца парушэннем правілаў яе ўтрымання. За такое парушэнне прадугледжаны штраф да 675 рублёў.