«Асвей» — усё?
3- 16.03.2026, 9:51
- 4,458
Расіяне сарвалі тэрміны і патрабуюць даплаціць за «саюзны самалёт».
З'яўленне лёгкага шматмэтавага самалёта «Асвей», які анансаваўся як сумесны беларуска-расійскі праект, здаецца, адкладаецца. У распараджэнні BelPol апынуліся дакументы, з якіх вынікае, што з рэалізацыяй праекта «саюзнага самалёта» не ўсё так гладка.
Пагадненне аб стварэнні 19-мясцовага двухматорнага самалёта «Асвей» было падпісана яшчэ ў 2023 годзе паміж ААТ «558-ы авіярамонтны завод» і расійскім АТ «Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі». Паведамлялася, што беларуска-расійскі самалёт «будзе аналагічны чэшскаму L410, амерыканскай мадэлі Cessna і швейцарскаму Pilatus».
Планавалася, што першыя «саюзныя самалёты» выпусцяць да 2026 года, да 2030 года іх колькасць складзе «85–100 штук».
Але, відаць, нешта пайшло не так.
У распараджэнні былых сілавікоў апынулася службовае пісьмо старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (ДВПК) Дзмітрыя Пантуса генеральнаму дырэктару расійскага холдынга «Тэхнадынаміка» Ігару Насенкаву ад 2 верасня 2025 года. У ім беларускі чыноўнік скардзіцца на шматлікія складанасці ў працы з расійскім бокам.
Ён з «асаблівай трывогай» паведамляе пра «непрыемную сітуацыю» ў ўзаемаадносінах з прадпрыемствам.
— Асаблівую трывогу выклікае ход рэалізацыі сумеснага беларуска-расійскага праекта па стварэнні і арганізацыі серыйнай вытворчасці самалёта «Асвей», — гаворыцца ў лісце. Сітуацыя, што склалася, практычна замарожвае магчымасць пачатку фінансавання названага праекта з беларускага боку.
BelPol адзначае, што расійскі завод «проста дынаміць беларускі бок як у працы, так і ў адказах на афіцыйныя запыты», «не ўзгадняе дакументы» і «заваліў усе тэрміны» па шэрагу напрамкаў.
Яшчэ адна праблема аказалася звязаная з фінансаваннем. Першапачаткова бакі дамовіліся на 1,2 млрд расійскіх рублёў (44 млн беларускіх, або 15 млн долараў ЗША), але расійскі бок ужо запытаў 2,9 млрд рублёў (107 млн беларускіх або 36 млн долараў).
У сваім лісце кіраўнік Дзяржкамваенпрама Беларусі выказвае «асцярогі», што «расійскі выканаўца ў межах тэхнічнага праекта неякасна выканаў прадугледжаныя працы па разліку эканамічнай часткі праекта».
— Пастаяннае ўвядзенне ў зман беларускага дзяржаўнага заказчыка і адкрытае жангліраванне заявамі і лічбамі лічу недапушчальнымі і контрпрадуктыўнымі, — адзначае ў сваім лісце Пантус.