Зяленскі адказаў Трампу
- 15.03.2026, 22:48
- 4,866
Украіна ніколі не атрымлівала ад ЗША дронаў-перахопнікаў.
Для абароны ад іранскіх беспілотнікаў краінам Блізкага Усходу і ЗША варта выкарыстоўваць украінскія дроны-перахопнікі, а не дэфіцытныя зенітныя ракеты. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв’ю CNN.
У пачатку сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на фоне канфлікту з Іранам заявіў, што амерыканскай арміі можа не хапіць узбраення, паколькі яго папярэднік Джо Байдэн нібыта перадаў занадта шмат зброі Украіне. Журналіст пацікавіўся ў Зяленскага, ці турбуюць яго такія заявы, бо складаецца ўражанне, што Трамп незадаволены Украінай і яе кіраўніцтвам.
«Шчыра кажучы, я не ведаю. Я гляджу толькі на факты. Цяпер краінам Блізкага Усходу і ЗША неабходна перш за ўсё ўзмацніць бяспеку. Ім патрэбныя перахопнікі для барацьбы з дронамі. Гэта новыя тэхналогіі — нашыя тэхналогіі», — адказаў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што Украіна ніколі не атрымлівала ад ЗША дронаў-перахопнікаў і нават не звярталася з такой просьбай, паколькі гаворка ідзе пра цалкам новую распрацоўку.
Пры гэтым прэзідэнт нагадаў, што Украіна атрымала ад ЗША ракеты для сістэм Patriot і ўдзячная за гэтую дапамогу. Аднак, паводле яго слоў, краіны Блізкага Усходу маюць большую колькасць такіх ракет, чым Украіна атрымала ад ЗША і Еўропы за ўвесь час вайны.
«Падчас першай атакі — у першыя 24–36 гадзін — яны выкарысталі больш за 800 ракет Patriot. Гэта больш, чым у нас было за папярэднія месяцы», — адзначыў Зяленскі.