У Афрыцы растуць антырасійскія настроі
- 15.03.2026, 21:38
- 1,458
З-за вербавання наёмнікаў на вайну супраць Украіны.
На наступным тыдні міністр замежных спраў Кеніі Мусалія Мудавады наведаецца ў Маскву з мэтай пераканаць расійскія ўлады спыніць вербаванне грамадзян Кеніі. Пра гэта піша Reuters, адзначаючы, што дыпламат адчувае ціск унутры краіны, аднак, як і іншыя афрыканскія ўрады, Найробі наўрад ці пойдзе на адкрытую канфрантацыю з Расіяй.
У апошнія тыдні паступалі паведамленні пра вербаванне грамадзян афрыканскіх краін у расійскую армію, якая панесла значныя страты за чатыры гады вайны. Часта людзей звабляюць праз трэція краіны, прапаноўваючы высокааплатную грамадзянскую працу.
Гэтыя дзеянні выклікаюць незадаволенасць у такіх краінах, як Кенія, Гана і Паўднёвая Афрыка. Сям'і заклікаюць урады больш актыўна вяртаць сваіх грамадзян дадому, аднак афрыканскія дзяржавы стараюцца пазбягаць адкрытых канфліктаў з Масквой на фоне вайны ва Украіне.
Кенійскі міністр падкрэсліў, што ягоная краіна хоча, каб вербаванне грамадзян спынілася, але пры гэтым ён «прагматычны і рэалістычны», прызнаючы статус Расіі як «звышдзяржавы» і ўлічваючы даўнія адносіны з ёй.
Паводле даных Украіны, на баку Расіі ваююць больш за 1700 афрыканцаў, хаця аналітыкі лічаць, што лічба можа быць вышэйшай. Паводле дакладу кенійскай разведкі, толькі грамадзян гэтай краіны завербавалі больш за 1000 чалавек. У лютым Гана паведаміла пра больш як 50 загінулых сваіх грамадзян пасля таго, як іх «заманілі ў бой». Пры гэтым Расія адмаўляе незаконнае вербаванне афрыканцаў.
Міністр замежных спраў Ганы Самуэль Окудзето Аблаква адзначыў, што краіна падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з Расіяй, але ў выпадках, калі грамадзяне падманутыя або ўцягнутыя ў вайну, яго ўрад будзе «казаць прама і дзейнічаць». У той жа час, як адзначае Reuters, большасць афрыканскіх дзяржаў, верагодна, зоймуць больш асцярожную пазіцыю, як гэта робіць Паўднёвая Афрыка.