Навукоўцы: многія акулы толькі «прыкідваюцца» акуламі
- 15.03.2026, 18:08
- 1,014
Многія з іх бліжэй да скатаў.
Уявіце плакат да блакбастара «Сківіцы» без выявы зубастай драпежніцы. Амерыканскія біёлагі заявілі, што некаторыя з жывёл, якіх называюць «акуламі», маюць больш генетычных падабенстваў са скатамі, чым з іншымі акуламі, піша «Нож».
Скаты, акулы і іншыя насельнікі мораў маюць асаблівы шкілет, таму навукоўцы адносяць іх да адной групы храстковых рыб. Відавочна, на эвалюцыйным дрэве ва ўсіх іх ёсць агульны продак з касцянымі рыбамі — з жывёламі, што жылі на Зямлі больш за 400 млн гадоў таму.
Каманда даследчыкаў прааналізавала геномы 48 відаў акул, скатаў і іншых прадстаўнікоў храстковых рыб. Біёлагаў цікавілі два тыпы генетычных дадзеных. Спачатку яны вывучылі 840 участкаў ДНК з генамі, што кадуюць бялкі і прысутнічаюць ва ўсіх вывучаных відах, затым — 350 старажытных паслядоўнасцей ДНК, якія амаль не змяніліся падчас эвалюцыі.
У выніку навукоўцы выказалі здагадку, што скаты — адна з галін акулінай эвалюцыі. Пры гэтым самі «прабабулі» сучасных акул узніклі раней за ўсе астатнія групы храстковых рыб.
Цяпер навукоўцы працягнуць шукаць адказ на пытанне: «Ці ўсе жывёлы, якія адносяцца да акул, — прадстаўнікі натуральнай эвалюцыйнай групы?». Чаму гэта важна? Паводле іх слоў, калі высветліцца, што некаторыя акулы роду Hexanchidae моцна не падобныя да іншых акул і да скатаў, то стане ясна: іх незвычайная сківіца — ранняя эвалюцыйная версія сківічнага апарата.