Хранічная «хвароба» Лукашэнкі абвастрылася
11- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 13.03.2026, 9:52
- 6,742
Дыктатар зноў узяўся за «барацьбу» з пасрэднікамі.
«Можна бясконца глядзець на тое, як цячэ вада, гарыць агонь і як Лукашэнка «змагаецца» з пасрэднікамі»
Можна бясконца глядзець на тое, як цячэ вада, гарыць агонь і як Лукашэнка «змагаецца» з пасрэдніцтвам. Змагаецца, колькі сябе памятае. Вось, напрыклад, цытата з далёкага 2002-га:
«Вытворчасці навучыліся — прадаваць не ўмеем. Яшчэ перашкаджае бартар, перашкаджаюць тыя, хто жадае зарабіць на пасрэдніцтве, а таксама многія іншыя негатыўныя з'явы нашага эканамічнага жыцця. Усё ў нас саміх. Захочам вырашыць — вырашым».
Ці то чаго тады нам не хапіла, ці то і не вельмі хацелася, але з тых часоў «барацьба» набыла хранічны і безвыніковы характар. Зусім як «барацьба» з усеагульнай карупцыяй або дэфіцытам дысцыпліны ў гаротнай сельскай гаспадарцы (і не толькі).
І не скажаш, што нічога не робіцца: і штогадовыя нарады ладзяць, і рэгулярныя «галавамыйкі» нядбайным профільным чыноўнікам практыкуюць, а воз шкоднага пасрэдніцтва і цяпер там.
А гэтая барацьба — справа тонкая. Галоўнае ў ёй — у працэсе не выйсці на самога сябе. Як у выпадку з тым жа «БелАЗам», на якім сям'я Лукашэнкі нажываецца — якая іронія — у якасці пасрэдніка.
Ці не таму якраз цяпер кіраўнік запатрабаваў «ясна падзяліць абгрунтаванае і неабгрунтаванае пасрэдніцтва»? Каб і далей багацець на народным здабытку, але ўжо «абгрунтавана».
У любым выпадку можна з упэўненасцю сказаць, што гэтая «барацьба» будзе цягнуцца роўна да таго моманту, пакуль паміж беларусамі і нармальным жыццём не знікне даўно заседзеўшыся і пазбаўлены ўсялякай абгрунтаванасці пасрэднік.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»