Муж беларускай завёз дзяцей у акупаваны Расіяй Луганск і змяніў ім грамадзянства
8- 9.02.2026, 9:32
- 5,090
Маці ў адчаі.
У беларускай Вольгі Шабаевай дрыжаць рукі, калі яна паказвае тэлефон з расійскай сім-картай: туды раз-пораз прыходзяць апавяшчэнні з просьбай прайсці ў сховішча з-за ракетных атак. Зараз двое дзяцей жанчыны знаходзяцца ў акупаваным Расіяй Луганску (Украіна) — небяспечным горадзе, дзе часта няма ацяплення і святла. Сваёй гісторыяй жанчына падзялілася з выданнем Tochka.by.
Восем месяцаў таму былы муж-украінец патаемна завёз сыноў у свой родны горад і змяніў ім грамадзянства на расійскае. Фармальна казаць пра выкраданне нельга, бо абодва бацькі — законныя прадстаўнікі дзяцей, а суда аб вызначэнні месца жыхарства хлопчыкаў не было.
Яраславу дзевяць гадоў, Дзіме — шэсць. Ім не дазваляюць нават размаўляць з мамай па тэлефоне.
Некалькі месяцаў Вольга стукаецца ва ўсе інстанцыі дзвюх краін і спрабуе вярнуць дзяцей дадому. Але атрымлівае толькі адпіскі.
Цяжкае сямейнае жыццё і складаны развод
Былы муж Вольгі Аляксей пераехаў у Беларусь з акупаванага расійскімі войскамі Луганска ў 2014 годзе, адразу пасля пачатку баявых дзеянняў. Так яны і пазнаёміліся.
«Нібыта ўсё было добра, закахалася. Потым у нас з'явілася дзіця. Пажаніліся не адразу, а калі малы крыху падрос», — расказвае Вольга.
Гісторыю сямейнага жыцця яна ўспамінае неахвотна, апускаючы шмат падрабязнасцей. Кажа, цяпер разумее, што тады дапусціла шмат памылак. Апошняй кропляй стала тое, што мужчына пачаў падымаць руку на жонку.
«Развод адбываўся цяжка, з выклікамі міліцыі, а ўвесь працэс цягнуўся 11 месяцаў», — паказвае паперы Вольга.
Цяпер жанчына разумее, што тады зрабіла галоўную памылку: трэба было адразу праз суд вызначыць месца жыхарства дзяцей. Але яна і ўявіць не магла, у што гэта можа выліцца.
Сыны проста засталіся жыць з мамай — тады ў пары ў гэтым пытанні не было разыходжанняў.
«Я не забараняла дзецям мець зносіны з бацькам. Яны бачыліся, бывалі ў яго ў выхадныя», — кажа беларуска.
Патаемна вывез сыноў у Луганск
Паводле слоў Вольгі, фінансава ў жыцці дзяцей былы муж не ўдзельнічаў.
«Ён не працаваў, гуляў у камп’ютарныя гульні і рабіў стаўкі ў казіно. Па сутнасці, мы жылі за мой кошт. Нават пасля разводу ён пераехаў у здымную кватэру, якую аплачвала яго маці», — распавядае Вольга.
Мінулым летам былы муж пачаў настойваць, што хоча звезці сыноў на мора, у горад Судак, які знаходзіцца ў акупаваным расійскімі войскамі Крыме (Украіна). Ён расказваў, што там у ягоных родзічаў ёсць жытло і «дзецяў чакаюць». Аднак да мора так і не даехаў.
Пра тое, што дзеці больш да Вольгі не вернуцца, мужчына паведаміў ёй у той дзень, калі мусіў прывезці іх назад: маўляў, перадай рэчы — і на тым усё.
Спробы вырашыць па законе
На наступны дзень, 28 чэрвеня 2025 года, Вольга напісала заяву ў міліцыю. Потым яна падала пазоў у суд аб вызначэнні месца жыхарства дзяцей з ёй, у Беларусі.
Высветлілася, што былы супруг знаходзіцца ў Луганску ў сваіх бацькоў. Ён прыняў расійскае грамадзянства. Аформіў яго і дзецям.
Пазней высветлілася, што муж таксама падрыхтаваў пазоў аб вызначэнні месца жыхарства хлопчыкаў — з ім.
У жніўні 2025 года Вольга праз Міністэрства юстыцыі Беларусі падала заяву па міжнароднай лініі — аб незаконным утрыманні дзяцей.
Ідзе гаворка пра Гаагскую канвенцыю аб грамадзянска-прававых аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей. Згодна з ёй, дзіця, незаконна вывезенае або ўтрымліванае адным з бацькоў у іншай краіне-ўдзельніцы, яго павінны ў найкарацейшыя тэрміны вярнуць на радзіму.
Аднак і гэта не дапамагло. Як піша Tochka.by, «аказалася, законы ў Луганску цяпер працуюць своеасабліва».
«Расійскі бок дагэтуль не адказаў. Две нашы краіны падпісвалі гэтую канвенцыю. Такія справы павінны разглядацца ў прыярытэтным парадку, а ўсе астатнія суды — прыпыніць альбо завяршыць аналагічныя працэсы. Наш суд справу прыпыніў. А суд Луганска — не. Ім усё роўна», — распавядае Вольга.
Усе беларускія ведамствы і органы разводзяць рукамі і кажуць, што зрабілі ўсё магчымае, а цяпер чарга за луганскім бокам.
«Атрымліваецца, можна проста так звезці двух маленькіх грамадзян Беларусі, змяніць ім грамадзянства, і ніхто не можа дапамагчы ў гэтай сітуацыі?» — задаецца пытаннем жанчына.
Суды, якіх быць не павінна
У акупаваным Луганску ўжо прайшлі тры судовыя пасяджэнні па пазове былога мужа. Пра іх Вольга магла б і не даведацца, калі б не нанятыя мясцовыя адвакаты. Яе прадстаўнікі выпадкова пачулі, што ў горадзе будзе разглядацца справа пра дзяцей-беларусаў.
«Я кансультавалася з чатырма адвакатамі ў Луганску. Усе мне сказалі: шукайце абарону дзе заўгодна, толькі не тут. Сцвярджаюць, што ўсё карумпавана, хто мог — той з’ехаў, каго-небудзь забілі… Працаваць няма каму, спецыялісты слабыя», — кажа Вольга.
У хадайніцтве аб прыпыненні справы ў Луганску жанчыне было адмоўлена: фармальна суд не атрымаў патрэбныя дакументы з Беларусі пра тое, што там таксама быў падобны працэс, а таксама пра справу па міжнароднай канвенцыі.
«Я не ведаю, як так адбываецца: наш бок адпраўляе патрэбныя запыты, патрэбныя паперы, але нічога не атрымлівае ў адказ. Я прапаноўвала сама прывезці дакументы, якія патрэбныя суду ў Луганску, але там нават слухаць не хочуць», — запэўнівае Вольга.
На апошнім пасяджэнні вырашылі не чакаць адказаў, была прызначаная новая дата разгляду справы — 27 лютага.
«Адвакат у Луганску кажа мне, што нічога не выйдзе: маўляў, грамадзянскія справы не ў прыярытэце, суддзяў мала… Апошняя падобная справа ў яе цягнулася паўтара года. Я ўжо не ведаю, у якія дзверы стукацца», — плача жанчына.
«Хоча толькі грошай»
Увесь гэты час маці практычна не можа мець зносіны са сваімі дзецьмі — бацька поўнасцю кантралюе іх тэлефоны.
Падчас першай паездкі ў Луганск у кастрычніку Вользе мімалётна ўдалося ўбачыць сыноў. Яна паспрабавала забраць аднаго хлопчыка з дзіцячага садка. Маці без праблем аддалі дзіця, але адразу ж патэлефанавалі бацьку.
«Ён прымчаўся, вырываў у мяне сына, завязалася сутычка. Ахоўнік садка проста глядзеў. А што я магу зрабіць супраць двухметровага мужыка?» — не можа стрымаць слёз Вольга.
У Луганску яна таксама звярталася ўсюды, куды толькі можна: у Следчы камітэт, пракуратуру, да ўпаўнаважанага па правах дзіцяці, спасылалася на міжнародную канвенцыю.
Адказы ўсюды як пад капірку: у дзеяннях грамадзяніна Шабаева не ўгледжваецца прыкмет правапарушэнняў.
У канцы студзеня Вольга зноў ездзіла ў Луганск: два дні ў дарозе ў адзін бок, дзясяткі КПП і допытаў, кіламетры небяспечнай дарогі.
З дзецьмі ўдалося пабачыцца, хоць і не без праблем.
«Сустрэча была ў кафэ. Сыны былі забітыя і ўвесь час азіраліся на бацьку. Старэйшаму цяжэй, ён ужо больш разумее. А малодшы яшчэ дзе-нідзе можа прабалбатацца: „Ой, мне ж нельга такое гаварыць“. Гэта вельмі баліць», — плача Вольга.
Яна не раз рабіла спробы пагаварыць з мужам, нават прапаноўвала яму грошы за дзяцей. У адказ пачула, што ён і так атрымае ад яе ўсё, што хоча.
«У ягоным пазове толькі трэцяя частка заявы — пра сыноў. Усё астатняе — пра грошы, якія ён з мяне патрабуе. Хоча дзве тысячы долараў аліментаў у месяц, яго маці прымушае купіць яму кватэру і каб я „вяла сябе разважліва, тады ўсё будзе добра“. Ім патрэбныя толькі грошы», — сцвярджае беларуска.
Зараз Вольга працягвае звяртацца ў розныя органы: у міліцыю, суды, Мінюст, консульствы, да Аляксандра Лукашэнкі, да так званых дэпутатаў… Але ніхто не можа дапамагчы.
Што ж рабіць?
Расійскія адвакаты, з якімі кансультуецца Вольга, перакананыя, што справа ў Луганску загадзя прайграшная. Жанчыне застаецца спадзявацца толькі на дапамогу беларускага боку, які можа вярнуць сваіх грамадзян на радзіму.
З былым мужам суразмоўніцы Аляксеем Tochka.by пагутарыць не ўдалося: Вольга не згадзілася даць журналістам яго нумар, матывуючы гэта тым, што пасля ён можа зноў абмежаваць яе зносіны з дзецьмі.