Зяленскі: Украіна атрымае 250 «найлепшых у свеце» самалётаў
4- 8.02.2026, 20:10
- 4,520
Мова пра шведскія Gripen і французскія Rafale.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна мае дамоўленасці аб пастаўках новых баявых самалётаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра шведскія Gripen і французскія Rafale.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта Зяленскі сказаў падчас зносін з выкладчыкамі і студэнтамі Кіеўскага авіяцыйнага інстытута.
«Украіна мае на сёння дамоўленасці аб пастаўках ва Украіну 150 вайсковых самалётаў Gripen, 100 самалётаў Rafale. Гэта, на наш погляд, найлепшыя самалёты ў свеце, якія ёсць. Безумоўна, ёсць і F-16. На ўзбраенні ўкраінскай авіяцыі сёння ёсць F-16 — не новыя, а тыя самалёты, пра якія я сказаў, — гэта новыя», — сказаў прэзідэнт.
Таксама кіраўнік дзяржавы анансаваў, што пасля завяршэння вайны Украіна будзе аднаўляць і развіваць грамадзянскую авіяцыю.
«Мы будзем падымаць грамадзянскую авіяцыю, будзем яе развіваць, але абавязкова скончым вайну і будзем таксама засяроджвацца на гэтым напрамку», — рэзюмаваў ён.