5 сакавiка 2026, Чацвер, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справы ў калгасе ішлі добра, але з кожным годам усё горш і горш»

31
«Справы ў калгасе ішлі добра, але з кожным годам усё горш і горш»

Беларусь пагружаецца ў нейкую фантасмагорыю.

«Як на грэх, справы ў калгасе ішлі кепска. То-бок не тое каб вельмі кепска, можна было б нават сказаць — добра, але з кожным годам усё горш і горш».

Гэтыя радкі з неўміручнага твора Уладзіміра Вайновіча «Масква 2042» ўсплылі ў памяці пасля чарговага перформансу Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік загадаў скараціць перыяд асвятлення вуліц: маўляў, трэба рацыянальней абыходзіцца з выдаткамі ў складаныя часы.

Ну так, ну так. Яшчэ генсак ЦК КПСС Леанід Брэжнеў заклікаў: «Эканоміка павінна быць эканомнай». І тады змагаліся з марнатраўствам — Савецкаму Саюзу гэта, праўда, не вельмі дапамагло.

Эпізод з вулічным асвятленнем можна было б спісаць на асобны казус, ад якіх ніхто не застрахаваны. Але ў тым і справа, што апошнім часам падобныя навіны пайшлі касяком. Той жа Лукашэнка, перажываючы за стан цеплатрас, нядаўна заклікаў знізіць тэмпературу ў кватэрах да 20 градусаў.

Тэндэнцыя, аднак. Прапаганда, праўда, недапрацоўвае. Не, яна, вядома, тлумачыць, што прынятыя Лукашэнкам рашэнні выключна мудрыя і своечасовыя. Але не дадае, што гэта зроблена «па шматлікіх просьбах працоўных». І дзе масавыя лісты ў газеты ад даярак, такароў і прафесараў, якія падтрымліваюць «адзіна правільныя крокі»???

У тую ж скарбонку — пастанова міністэрства сувязі, у выніку якой безлімітны мабільны інтэрнэт фактычна абрэзалі да 30 гігабайт. Пасля чаго ўрачыста абвясцілі, што гэта «выгадна большасці грамадзян».

«Абразанне», падаецца, становіцца для ўладаў модай сезона-2026. Цікава, што таму прычынай?

Лукашэнка спрабуе патлумачыць тое, што адбываецца, магчымасцю зэканоміць вялікія грошы (энергетыкі абвяргаюць), каб пабудаваць новыя прафілакторыі для цялят. У такім разе незразумела, чаму абмежаваліся паўмерамі. Як заўважыў адзін з чытачоў «Салідарнасці», «калі адключаць цяпло і святло хаця б на гадзіну ў дзень па ўсёй краіне, дык колькі яшчэ палацаў і кароўнікаў можна пабудаваць».

Павольна, але ўпэўнена Беларусь пагружаецца ў нейкую фантасмагорыю. Праўда, магчыма, праз гэты этап таксама трэба прайсці, каб на будучыню атрымаць прышчэпку ад тыраніі.

Васіль Верас, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках