Стала вядома дата прэзентацыі танных IPhone, MacBook і IPad
- 16.02.2026, 19:11
Новыя гаджэты прадставяць на пачатку вясны.
Карпарацыя Apple правядзе прэзентацыю новых прылад 4 сакавіка 2026 года. Запрашэнні ўжо атрымалі блогеры і журналісты, паведамляе MacRumors.
Падзея адбудзецца адначасова ў Нью-Ёрку, Лондане і Шанхаі, а таксама будзе даступная ў фармаце анлайн-трансляцыі з 17:00 па мінскім часе. Па ўсёй бачнасці, мерапрыемства пройдзе ў фармаце Apple Experience і, верагодна, будзе менш маштабным у параўнанні з традыцыйнымі буйнымі прэзентацыямі кампаніі.
Пры гэтым Apple пакуль афіцыйна пра прэзентацыю не паведамляла.
У межах мерапрыемства Apple можа прадставіць шэраг абнаўленняў прадуктовай лінейкі, уключаючы бюджэтны iPhone 17e, даступны MacBook на базе працэсара A18 Pro, як у iPhone 16 Pro, абноўленыя MacBook Air і MacBook Pro на чыпах M5, а таксама новыя версіі базавага iPad і iPad Air.
Паводле слыхаў, бюджэтны iPhone 17e атрымае чып ад iPhone 17 (A19), новы мадэм, чыпы бесправадных модуляў і, магчыма, выраз Dynamic Island замест «чолкі». Ноўтбук з мабільным працэсарам можа стаць самым танным у актуальнай лінейцы. Гаджэту прыпісваюць яркі корпус, у тым ліку ў ружовым і жоўтым колерах.