NYT: Трамп загадаў аднавіць ядзерныя выпрабаванні
3- 11.02.2026, 6:45
- 2,656
Што гэта азначае для свету.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа актыўна разглядае магчымасць разгортвання дадатковых ядзерных баегалоўкаў і правядзення ядзерных выпрабаванняў упершыню з 1992 года. Пра гэта сведчаць заявы высокапастаўленых прадстаўнікоў амерыканскіх уладаў, зробленыя на працягу пяці дзён пасля заканчэння апошняга ядзернага дагавору паміж ЗША і Расіяй, паведамляе The New York Times.
Абодва крокі азнаменуюць адыход ад амаль 40-гадовай палітыкі жорсткага ядзернага кантролю, якой прытрымліваліся Злучаныя Штаты. Калі Трамп рэалізуе гэтыя планы, ён стане першым амерыканскім прэзідэнтам пасля Рональда Рэйгана, які павялічыць колькасць ядзернай зброі. Апошні раз ЗША праводзілі ядзерныя выпрабаванні ў 1992 годзе, хоць летась Трамп заяўляў пра жаданне аднавіць дэтанацыі «на роўнай аснове» з Кітаем і Расіяй.
Пакуль што заявы адміністрацыі Трампа застаюцца даволі расплывістымі. Вядома, што прэзідэнт даручыў сваім памочнікам аднавіць выпрабаванні, а таксама разглядаецца магчымасць паўторнага выкарыстання ядзернай зброі, якая цяпер знаходзіцца на захоўванні. Аднак ніхто не ўдакладніў, колькі менавіта баегалоўкаў можа быць разгорнута або якія менавіта выпрабаванні могуць быць праведзены.
«Усё гэта трохі загадкава, — кажа Джыл Грубі, шматгадовая экспертка па ядзерных пытаннях, якая да мінулага года ўзначальвала Нацыянальную адміністрацыю ядзернай бяспекі (частка Міністэрства энергетыкі, што займаецца праектаваннем, выпрабаваннямі і вытворчасцю амерыканскай ядзернай зброі). — Вельмі незразумела, што яны робяць».
Гэтыя дэталі маюць крытычнае значэнне і могуць вызначыць, ці рухаюцца тры буйныя ядзерныя дзяржавы да новай гонкі ўзбраенняў, ці Трамп спрабуе прымусіць іншыя дзяржавы да трохбаковых перамоваў пра новы дагавор.