10 сакавiка 2026, aўторак, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раскамнагляд перайшоў да поўнай блакіроўкі YouTube у РФ

11
Раскамнагляд перайшоў да поўнай блакіроўкі YouTube у РФ

Да гэтага відэахостынг паўтара года «запавольвалі».

Пасля паўтара года барацьбы з YouTube праз запаволенне Раскамнагляд пачаў блакіраваць відэахостынг у Расіі, выдаліўшы яго дамен са спісу падкантрольных DNS-сэрвераў, паведамілі ІТ-эксперты. «Цяпер, калі вы спрабуеце зайсці на YouTube, маршрутызатар проста не можа звязаць адрас сайта з яго IP, і вы атрымліваеце памылку. У выніку — сэрвіс будзе цалкам недаступны без VPN», — тлумачыць «Эксплойт».

Паводле дадзеных праекта «На сувязі», для блакіроўкі выкарыстоўваецца Нацыянальная сістэма даменных імёнаў (НСДІ), створаная для «суверэннага Рунэта». Усе аператары сувязі абавязаныя выкарыстоўваць яе з 2021 года, што дазваляе рэгулятару цэнтралізавана кіраваць доступам да сайтаў. «Фактычна падкантрольныя Раскамнагляду DNS-сэрверы перасталі вяртаць карэктныя адрасы для дамена youtube.com, што прывяло да немагчымасці падключэння карыстальнікаў», — пацвердзіў РБК кіруючы дырэктар інфраструктурнага інтэгратара «Ультіматэк» Джэмалі Авалішвілі.

Незалежны эксперт тэлекам-рынку Аляксей Учакін звярнуў увагу на тое, што блакіроўка YouTube супала з узмацненнем абмежаванняў супраць Telegram. Па яго словах, хутчэй за ўсё, прычына ў тым, што магутнасцяў тэхнічных сродкаў супрацьдзеяння пагрозам (ТСПУ), якія ставяцца ў сетках правайдараў для фільтрацыі трафіку, не хапае, каб запавольваць адразу два буйныя рэсурсы. «Гэта эканомія рэсурсаў… Мы атрымліваем грубы, але даволі надзейны „выключальнік“ YouTube на тэрыторыі Расіі», — адзначыў эксперт. Раней такім жа чынам былі заблакіраваныя Discord і Signal.

Кіраўнік аддзела адміністравання і DevOPS MD Audit (уваходзіць у «Софтлайн») Аляксандр Дзёмін пагадзіўся, што Раскамнагляд прымяніў адзін з самых простых спосабаў блакіроўкі, аднак, паводле слоў эксперта, ён «лёгка абыходзіцца зменай DNS або тунэляваннем трафіку».

Дзёмін адзначыў, што ўся інфраструктура YouTube, уключаючы дата-цэнтры і CDN (Content Delivery Network — сетка дастаўкі кантэнту), працягвае функцыянаваць, таму сэрвіс працуе праз альтэрнатыўныя DNS або VPN, дзе запыты апрацоўваюцца па-за кантралюемай зонай.

Упершыню расіяне сутыкнуліся з запавольваннем YouTube напрыканцы ліпеня 2024 года. Спачатку Раскамнагляд тлумачыў гэта «тэхнічнымі праблемамі» на баку ўладальніка відэахостынгу — амерыканскай карпарацыі Google, якая даўно не абнаўляла свае серверы ў Расіі. Аднак у выніку рэгулятар прызнаў, што сам абмежаваў працу YouTube, спаслаўшыся на «парушэнні заканадаўства» і «няпавагу» да краіны. У прыватнасці, ведамства абвінаваціла відэахостынг у блакіроўцы больш як 200 расійскіх прапагандысцкіх каналаў.

Нягледзячы на запавольванне, якое са снежня 2024 года фактычна зрабіла немагчымым прагляд відэа на YouTube з Расіі, платформа па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў краіны. Паводле дадзеных Mediascope, у студзені 2026-га амерыканскі сэрвіс наведалі 65,9 млн расіян. Ён апынуўся на другім месцы пасля «VK відэа», аўдыторыя якога склала 82,8 млн чалавек. Штодня YouTube карысталіся 22 млн расіян.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках