15 лютага 2026, Нядзеля, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ілон Маск збіраецца запусціць на арбіту мільён спадарожнікаў

18
Ілон Маск збіраецца запусціць на арбіту мільён спадарожнікаў

Праект прызначаны для забеспячэння працы сістэм ШІ.

Кампанія SpaceX Ілона Маска звярнулася да амерыканскіх рэгулятараў з просьбай дазволіць запуск аднаго мільёна спадарожнікаў на каляземную арбіту. Гэта маштабная сетка павінна стаць базай для забеспячэння працы штучнага інтэлекту, паведамляе BBC.

У заяўцы, пададзенай у Федэральную камісію па сувязі ЗША, праект апісваецца як стварэнне «арбітальных дата-цэнтраў». SpaceX заяўляе, што гэта самы эфектыўны спосаб — як з фінансавага, так і з энергетычнага пункту гледжання — задаволіць імкліва растучы попыт на вылічальныя магутнасці для ШІ.

На думку кампаніі, патрэбы ў апрацоўцы дадзеных растуць так хутка, што наземныя магчымасці ўжо не паспяваюць за імі. Да таго ж перанос сервераў на арбіту пазіцыянуецца як больш экалагічнае рашэнне: традыцыйныя дата-цэнтры на Зямлі — гэта велізарныя склады з камп’ютарамі, якія спажываюць каласальную колькасць электраэнергіі і вады для астуджэння. Касмічныя ж апараты будуць працаваць на сонечнай энергіі.

Калі план зацвердзяць, колькасць спадарожнікаў SpaceX на арбіце ўзрасце шматкроць. Зараз сетка Starlink, якая забяспечвае інтэрнэт-сувязь, налічвае каля 10 тысяч апаратаў. Праект «арбітальных дата-цэнтраў» прадугледжвае запуск да мільёна спадарожнікаў. Яны будуць знаходзіцца на нізкай каляземнай арбіце на вышыні ад 500 да 2000 км.

SpaceX ужо абвінавачваюць у стварэнні затораў у космасе з-за вялікай колькасці спадарожнікаў Starlink, але Ілон Маск гэтыя прэтэнзіі адхіляе. Каментуючы новы план у сваёй сацыяльнай сетцы X, ён заявіў: «Спадарожнікі будуць знаходзіцца так далёка адзін ад аднаго, што іх будзе цяжка ўбачыць. Космас настолькі велізарны, што гэта не паддаецца асэнсаванню».

У заяўцы не пазначаныя канкрэтныя тэрміны рэалізацыі праекта, але агучаныя амбіцыйныя мэты: кампанія абяцае забяспечыць вылічальнымі магутнасцямі «мільярды карыстальнікаў» па ўсім свеце.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках