Дыетолагі расказалі, што будзе, калі есці яблык кожны дзень
2- 5.10.2026, 10:27
- 2,562
Першыя змены могуць з'явіцца ўжо праз некалькі дзён.
Кішэчнік адыгрывае важную ролю ў працы імуннай сістэмы, а рацыён наўпрост уплывае на склад і актыўнасць кішэчнага мікрабіёму. Паводле слоў дыетолагаў, яблыкі могуць быць карыснай часткай такога рацыёну дзякуючы клятчатцы і поліфенолам.
Пра гэта піша Parade.
Дыетолаг Cleveland Clinic Джулія Зумпано адзначае, што кішэчнік звязаны з вялікай часткай імуннай сістэмы і ўтрымлівае велізарную колькасць мікраарганізмаў, якія ўплываюць на здароўе. «Ежа, якую мы спажываем штодня, уплывае на гэтую сістэму і можа або сілкаваць карысныя кішэчныя мікрабы, або падтрымліваць менш карысныя — у залежнасці ад таго, што менавіта мы выбіраем», — тлумачыць яна.
Пры гэтым спецыялісты падкрэсліваюць: для кішэчніка важная не нейкая адна канкрэтная ежа, а разнастайнасць рацыёну. Дыетолаг Маккензі Драйдэн з HonorHealth спасылаецца на даследаванні, паводле якіх разнастайнае харчаванне звязана з больш здаровым кішэчным мікрабіёмам, чым пастаяннае ўжыванне аднаго і таго ж набору прадуктаў.
Што будзе, калі есці яблык кожны дзень
Адзін з галоўных кампанентаў яблыкаў, звязаных са здароўем кішэчніка, — клятчатка. У яблыках змяшчаецца растваральная клятчатка пектын. Паводле слоў Драйдэн, ён можа дзейнічаць як прэбіётык — гэта значыць быць ежай для карысных бактэрый кішэчніка.
Гэта важна для нармальнага стрававання, стану мікрабіёму і працы імуннай сістэмы. Пры гэтым спецыялісты раяць не чысціць яблыкі ад скуркі: у ёй утрымліваецца нерастваральная клятчатка. Яна спрыяе прасоўванню ежы па стрававальным тракце і дапамагае падтрымліваць рэгулярнае апаражненне кішэчніка.
Пэўныя змены могуць стаць заўважнымі ўжо праз некалькі дзён або тыдняў, асабліва калі да гэтага чалавек ужываў мала клятчаткі. Аднак рэгулярнае ўжыванне раслінных прадуктаў на працягу доўгага часу можа аказваць больш устойлівы ўплыў на мікрабіём.
Дыетолаг Аманда Сауседа адзначае, што звычка штодня есці яблык можа паступова прывесці і да іншых змен у рацыёне. «Часам простае карыснае дапаўненне да харчавання, напрыклад яблык, можа прывесці да іншых пазітыўных змен у паводзінах», — кажа яна. Паводле яе слоў, яблык можа стаць першым крокам да таго, каб есці больш прадуктаў з клятчаткай і меней ежы з нізкай пажыўнай каштоўнасцю.
Ёсць у яблыкаў і больш непасрэдная перавага. Яны багатыя поліфеноламі, а дыетолаг Шона МакКвін адзначае, што яблыкі таксама могуць дапамагаць змяншаць непрыемны пах з рота.
Ці можа яблык выклікаць уздуцце
Для большасці людзей штодзённы яблык не ўяўляе рызыкі для здароўя кішэчніка. Аднак пры рэзкім павелічэнні колькасці клятчаткі могуць з'явіцца газаўтварэнне і ўздуцце жывата.
«Калі вы не прызвычаіліся есці прадукты, багатыя клятчаткай, спачатку можа ўзнікнуць дыскамфорт у страўнікава-кішачным тракце, напрыклад газаўтварэнне або ўздуцце, але з цягам часу гэтыя сімптомы могуць зменшыцца», — тлумачыць МакКвін.
Таму колькасць клятчаткі лепш павялічваць паступова. Пры гэтым важна піць дастаткова вады.
Ёсць і яшчэ адзін нюанс: яблыкі ўтрымліваюць шмат фруктозы і адносяцца да прадуктаў з высокім утрыманнем FODMAP — групы вугляводаў, якія ў некаторых людзей засвойваюцца горш. У прыватнасці, яны могуць правакаваць непрыемныя сімптомы ў людзей з сіндромам раздражнёнага кішэчніка.
Ці можа яблык умацаваць імунітэт
Сувязь паміж кішэчнікам і імуннай сістэмай сапраўды існуе. Паводле слоў Зумпано, значная частка імуннай тканкі знаходзіцца ў кішэчніку і вакол яго. Менавіта тут імунная сістэма пастаянна «вырашае», якія рэчывы арганізм можа прапусціць, а якія патэнцыйна ўяўляюць пагрозу.
Калі клятчатка ферментуецца кішэчнымі бактэрыямі, утвараюцца кароткаланцужковыя тлустыя кіслоты — у тым ліку ацэтат, прапіянаат і бутырат. Яны ўдзельнічаюць ва ўзаемадзеянні паміж мікрабіёмам, клеткамі кішэчніка і імуннай сістэмай.
Паводле Зумпано, гэтыя злучэнні могуць падтрымліваць кішэчны бар'ер, уплываць на актыўнасць імунных клетак, удзельнічаць у рэгуляцыі імуннага адказу і запаленчых працэсаў, а бутырат таксама служыць крыніцай энергіі для клетак тоўстай кішкі.
Аднак гэта не азначае, што штодзённы яблык здольны прадухіліць прастуду або іншыя інфекцыі.
«Рэгулярнае ўжыванне цэльных фруктаў, такіх як яблыкі, у складзе разнастайнага рацыёну можа забяспечыць арганізм клятчаткай і поліфеноламі, якія падтрымліваюць асяроддзе кішэчніка, дзе адбываецца значная частка рэгуляцыі імуннай сістэмы», — падкрэслівае Зумпано.
Пры гэтым рацыён у цэлым мае значна большую вагу. Калі асновай харчавання застаюцца прадукты з вялікай колькасцю цукру і высокай ступенню перапрацоўкі, адзін яблык у дзень не кампенсуе магчымыя негатыўныя наступствы такога рацыёну.