Супраць Meta падалі міжнародны пазоў
4- 25.01.2026, 10:09
- 2,918
Кампанію абвінавацілі ў доступе да прыватных паведамленняў WhatsApp.
Міжнародная група пазоўнікаў падала ў суд ЗША на кампанію Meta Platforms, Inc., абвінавачваючы яе ў распаўсюджанні ілжывых звестак пра канфідэнцыйнасць і бяспеку WhatsApp.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Пазоўнікі сцвярджаюць, што нягледзячы на заявы кампаніі пра скразное шыфраванне (end-to-end), якое нібыта робіць паведамленні даступнымі толькі адпраўніку і атрымальніку, Meta захоўвае, аналізуе і мае доступ амаль да ўсіх прыватных чатаў карыстальнікаў. Паводле пазову, кампанія і яе кіраўніцтва нібыта махлярскім чынам уводзяць у зман мільярды карыстальнікаў WhatsApp у свеце.
Пазоў быў пададзены ў пятніцу ў Акруговы суд ЗША ў Сан-Францыска. У групу пазоўнікаў увайшлі грамадзяне Аўстраліі, Бразіліі, Індыі, Мексікі і Паўднёвай Афрыкі. Юрысты патрабуюць прызнаць справу калектыўным пазовам.
У Meta заявілі, што пазоў «беспадстаўны» і паабяцалі дамагацца санкцый супраць адвакатаў пазоўнікаў. Прадстаўнік кампаніі Эндзі Стоўн падкрэсліў:
«Любыя сцвярджэнні пра тое, што паведамленні WhatsApp не зашыфраваныя, катэгарычна ілжывыя. WhatsApp выкарыстоўвае end-to-end шыфраванне паводле пратаколу Signal ужо дзесяць гадоў. Гэты пазоў — выдумка», — сказаў ён.
Пазоў таксама спасылаецца на інфармацыю ад разаблачальнікаў, якія нібыта выявілі парушэнні, аднак канкрэтныя асобы не раскрываюцца. Адвакаты пазоўнікаў пакуль устрымліваюцца ад каментароў.