У Смалявічах частка дамоў засталася без ацяплення
1- 20.01.2026, 21:09
- 1,264
З-за камунальнай аварыі.
У некаторых дамах Смалявічаў 20 студзеня ўзніклі перабоі з ацяпленнем з-за парыву на цеплатрасе, паведамілі Smolevichi-24.by.
Камунальная аварыя адбылася ў раёне дома па вуліцы Жодзінскай, 22. На час рамонту прыпынілі працу цэнтральнай кацельні, з-за чаго жыхароў 47 шматкватэрных і 16 прыватных жылых дамоў папярэдзілі аб магчымых перабоях з ацяпленнем.
Паводле ацэнак спецыялістаў, на ліквідацыю парыву спатрэбіцца 4–5 гадзін. Поўнае аднаўленне цеплазабеспячэння ва ўсіх закранутых дамах плануецца завяршыць да раніцы.
Нагадаем, раніцай 19 студзеня стала вядома, што «ў сувязі з пашкоджаннем участка цеплавай магістралі № 41 адбылося зніжэнне тэмпературы цепланосьбіта ў часткі спажыўцоў» у пяці раёнах Мінска. Увечары таго ж дня шматпавярхоўка ў Барысаве засталася на марозе без ацяплення і гарачай вады. За некалькі дзён да таго тое самае здарылася ў Жодзіне.
20 студзеня без вады з-за аварыі на трубаправодзе засталіся жыхары некаторых дамоў у Савецкім раёне Гомеля.