Малдова пачала працэс выхаду з СНД
10- 19.01.2026, 21:15
- 5,800
Кішынёў дыстанцуецца ад уплыву Масквы.
МЗС Малдовы пачаў неабходныя працэдуры для поўнага выхаду краіны з Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Пра гэта паведаміў кіраўнік ведамства Міхай Попшой.
Паводле слоў Попшоя, цяпер МЗС краіны знаходзіцца на стадыі дэнансацыі пагадненняў, якія ляжаць у аснове арганізацыі. Сярод іх — устаноўчае пагадненне СНД і дадатак да яго, а таксама статут СНД.
«З дэнансацыяй гэтых трох асноўных пагадненняў Рэспубліка Малдова афіцыйна перастане быць часткай СНД. І гэты працэс ужо пачаўся. Мы прынялі гэтае рашэнне нядаўна», — распавёў міністр у эфіры Radio Moldova.
Міхай Попшой дадаў, што пасля пачатку новай парламенцкай сесіі дакументы аб дэнансацыі пачнуць разглядаць заканадаўцы. Да сярэдзіны лютага, чакае міністр, гэты працэс завершыцца.
У лістападзе 2025 года ўрад Малдовы ўхваліў дэнансацыю сямі пагадненняў СНД. Парламент краіны прыняў у першым чытанні дэнансацыю пагадненняў аб бязвізавых паездках грамадзян краін СНД і аб прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў паміж дзяржавамі аб’яднання. Малдова ігнаруе пасяджэнні СНД яшчэ з 2022 года. Акрамя таго, Малдова мае статус кандыдата на сяброўства ў ЕС.