8 верасня 2024, Нядзеля, 2:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне патрабуюць расследаваць дзейнасць беларускага «караля кантрабанды»

3
Ва Украіне патрабуюць расследаваць дзейнасць беларускага «караля кантрабанды»
Артур Гранц
Фото: Экономическая правда

Яго абвінавачваюць у сувязях з Лукашэнкам.

Ужгарадскі гарадскі і раённы суд Закарпацкай вобласці абавязаў абласную следчую ўправу Нацыянальнай паліцыі распачаць дасудовае расследаванне для праверкі фактаў, выкладзеных у заяве грамадскай арганізацыі «Нон-стоп» аб незаконным гандлі цыгарэтамі і алкаголем бізнэсоўца Артура Гранца, які мае беларускі пашпарт, піша «Радыё Свабода».

Як высветлілі актывісты грамадскай арганізацыі, Артур Гранц за час поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны стаў «аднаасобным лідарам па продажы цыгарэт праз сістэмы Duty Free». Арганізацыя назвала яго «каралём кантрабанды».

Паводле інфармацыі арганізацыі, Артур Гранц - бенефіцыяр украінскага ТАА «Дзьюці Фры Трэйдынг», якое займаецца безакцызным продажам цыгарэт праз сістэму Duty Free.

У апублікаваным матэрыяле актывістаў згадваецца, зрэшты, пункт пропуску «Парубнае - Сірэт» на мяжы з Румыніяй. Толькі ў 2022 годзе там рэалізавалі 4 252 700 пачкаў цыгарэт - па 25 пачкаў на кожнага грамадзяніна, які пераадольваў мяжу.

Як адзначаецца ў расследаванні актывістаў, кампанія Артура Гранца афармляла продаж цыгарэт на грамадзян, якія перасякалі мяжу, а насамрэч прадавала тытунь кантрабандыстам, якія далей рэалізоўвалі тавар у краінах Еўразвязу.

Паводле інфармацыі арганізацыі «Нон-стоп», Артур Гранц валодаў крамамі бязмытнага гандлю ў кіеўскіх аэрапортах «Барыспаль» і «Жуляны», а таксама ў іншых аэрапортах Украіны.

«Толькі за лістапад-снежань 2020 года крамы бязмытнага гандлю ў аэрапорце «Кіеў» («Жуляны») «прадалі пасажырам, фармальна, паводле дакументаў, 530584 блокаў цыгарэт - па 23 блокі на кожнага чалавека. Насамрэч людзі нават не ведалі, што яны «набылі» скрыні цыгарэт. У той жа час гэтыя тытунёвыя вырабы развозіліся ў нелегальныя гандлёвыя пункты на тэрыторыі Украіны, дзе іх рэалізавалі за гатоўку», - адзначаецца ў расследаванні грамадскай арганізацыі.

Аналагічную схему выкарыстоўвалі і пры рэалізацыі алкагольных напояў - акцызны падатак не выплачваўся, бо фармальна прадукцыя нібыта вывозілася за мяжу.

Паводле інфармацыі актывістаў, Артур Гранц валодае больш чым 35 крамамі бязмытнага гандлю ў Беларусі і «мае партнёрства з Кіраўніцтвам справамі Лукашэнкі, на падставе чаго можна меркаваць, што бізнэсовец з'яўляецца партнёрам Лукашэнкі».

Актывісты сцвярджаюць, што Артур Гранц мае беларускае грамадзянства, а два яго сыны - Давід і Арман - жывуць у Падмаскоўі і маюць ва ўласнасці некалькі гандлёвых кампаній, такіх як ТАА «Авангард» і ТАА «Міка Холдынг». Таксама побач з імі жыве і займаецца бізнэсам у сферы гандлю іх брат Марэн Гранц, які з'яўляецца ўласнікам ТАА «Маг-Інтэр».

Артур Гранц - канчатковы бенефіцыяр 12 украінскіх кампаній, некаторыя з якіх зарэгістраваныя на Кіпры, як мяркуюць актывісты, «для пазбягання падаткаў і вываду грошай, атрыманых ад рэалізацыі злачынных схем».

У 2020 годзе праз адну з такіх кампаній Артур Гранц стаў уладальнікам украінскага часопіса Forbes.

На падставе сваіх матэрыялаў арганізацыя звярнулася ў некалькі ўкраінскіх судоў з патрабаваннем правесці праверку «незаконнага афармлення» продажу тытунёвых вырабаў і алкагольных напояў на асоб, якія перасякалі мяжу ў кірунку еўрапейскіх краін.

Артур Гранц нарадзіўся ва Украіне. Пасля распаду СССР яго бацькі пераехалі ў Беларусь, дзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Ва Украіне ён жыў на падставе дазволу на жыхарства, але ў 2021 годзе выехаў з Украіны ў Гішпанію, дзе ў яго ёсць нерухомасць.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, Артур Гранц мае рэпутацыю паспяховага і ўстойлівага бізнэсоўца. Ён не каментаваў публічна такія абвінавачанні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках