12 верасня 2024, Чацвер, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскага генерала Папова перавялі пад хатні арышт

8
Расейскага генерала Папова перавялі пад хатні арышт
ІВАН ПАПОЎ

Яго абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва значнай суме.

Былога камандуючага 58-й арміяй УС Расеі генерал-маёра Івана Папова, які абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва значнай суме, перавялі з СІЗА пад хатні арышт. Такую пастанову ў панядзелак, 15 ліпеня, прыняў 235-й Гарнізонны вайсковы суд у Маскве.

Аб змякчэнні меры стрымання для Папова хадайнічаў следчы вайсковай управы Следчага камітэта. Генерала вызвалілі з-пад варты ў залі суда. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме.

Генерал-маёр Іван Папоў у сярэдзіне траўня быў арыштаваны паводле ч.4 арт.159 КК РФ (махлярства, учыненае арганізаванай групай або ў асабліва значнай суме). Паводле версіі следства, ён датычны да крадзяжу ў 2023 годзе звыш 1,7 тысячы тон вырабаў металапракату на суму больш за 130 млн рублёў, прызначаных для абсталявання інжынерных абарончых збудаванняў на лініі баявога судакранання ў Запарожскай вобласці. У пачатку ліпеня Папову выставілі канчатковае абвінавачанне, да якога дадалі абвінавачанне ў службовай падробцы (ч.2 арт.292 КК РФ).

Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Папоў быў прызначаны камандуючым 58-й агульнавайсковай арміяй, якая адказвала за запарожскі кірунак. У ліпені 2023 года дэпутат Дзярждумы Андрэй Гурулёў апублікаваў аўдыёзварот генерала да вайскоўцаў, у якім той казаў аб «складанай сітуацыі са старэйшым начальствам».

У ліку іншага Папоў расказаў, што даў справаздачу кіраўніцтву аб адсутнасці сродкаў контрбатарэйнай барацьбы і станцый артылерыйскай выведкі, а таксама аб «масавай гібелі і калецтвах» салдат, пасля чаго быў адхілены ад пасады «за адзін дзень». У тым жа месяцы яго накіравалі ў Сірыю «адным з кіраўнікоў» расейскага вайсковага кантынгенту, пісаў у Telegram-канале былы дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Алег Цароў.

Справа Івана Папова – не адзіны працэс супраць былых высокапастаўленых функцыянераў Мінабароны, які працягваецца ў Расеі. У красавіку Басманны раённы суд Масквы адправіў на два месяцы ў СІЗА былога намесніка міністра абароны РФ Цімура Іванова паводле падазрэння ў атрыманні хабару ў асабліва значнай суме (ч.6 арт.290 КК РФ). Разам з намеснікам міністра быў арыштаваны і яго меркаваны суўдзельнік Сяргей Барадзін. Яго адправілі ў СІЗА таксама на два месяцы.

У суботу, 13 ліпеня, стала вядома, што ў СІЗА памёр іншы абвінавачаны паводле справы аб дачы хабару высокапастаўленым чыноўнікам міністэрства абароны Расеі 52-гадовы бізнэсовец Ігар Кацельнікаў. Аб яго смерці ад спынення сэрца паведаміла праваабаронца і член Савета па правах чалавека (СПЧ) пры прэзідэнце Расеі Ева Меркачова.

Акрамя таго, у Расеі былі арыштаваныя былы кіраўнік аддзела кадраў Мінабароны РФ Юрый Кузняцоў, а таксама намеснік кіраўніка Генштаба Вадзім Шамарын.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках