12 верасня 2024, Чацвер, 16:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі рэжым «даў заднюю» пасля ўльтыматуму?

13
Беларускі рэжым «даў заднюю» пасля ўльтыматуму?

Сітуацыя на мяжы з Польшчай значна змянілася.

Міграцыйны крызіс на мяжы ўзнік у 2021 годзе пасля рэзкага пагаршэння стасункаў Менска і краін Еўразвязу ў выніку масавага парушэння правоў чалавека і авіяцыйнага пірацтва з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Улады Беларусі сваё дачыненне да крызісу фармальна адмаўляюць, хаця, паводле розных сведчанняў, непасрэдна стаяць за арганізацыяй прыезду мігрантаў, іх давозу да мяжы і за навучаннем, як яе перасекчы. У выніку беларуска-польскае памежжа стала зонай сапраўднага гібрыднага канфлікту з чалавечымі ахвярамі як з боку мігрантаў, так і польскіх абаронцаў мяжы.

Як складаліся графікі

Памежная служба Польшчы ў сацсетцы X рэгулярна публікуе звесткі аб колькасці нелегальных спроб перасячэння мяжы з боку Беларусі. Не стала выключэннем і 10 ліпеня, калі былі зафіксаваны 40 такіх спроб.

Каб ацаніць маштабы міграцыйнага крызісу, журналісты «Белсату» сабралі ўсе гэтыя звесткі за 2024 год і ўнеслі іх у спецыяльныя графікі, падзяліўшы для большай зручнасці на дні, дэкады і месяцы. Пры гэтым трэба адзначыць некаторыя нюансы звестак.

Так, за некаторыя святочныя дні - 1 студзеня і з 29 красавіка да 1 траўня - звестак аб спробах перасячэння мяжы Памежная служба Польшчы не публікавала. Таму інфармацыя на графіках часткова з’яўляецца няпоўнай. Але сумарна чатыры дні за больш за паўгоддзе наўрад ці моцна паўплывалі на статыстыку.

Таксама ў пачатку года Памежная служба Польшчы часам паведамляла аб заўважаных пры парушэнні мяжы мігрантах, а ў астатнія месяцы - аб нелегальных спробах перасячэння мяжы. Наколькі гэта розныя ці аднолькавыя звесткі, да канца незразумела.

Даволі часта паведамлялася інфармацыя аб перасячэнні мяжы не за адзін дзень, а за некалькі - ад двух да чатырох. У такім выпадку ў графікі дзённыя звесткі ўносіліся на падставе сярэднеарыфметычных лічбаў за гэтыя дні.

Што паказалі графікі

Паводле звестак Памежнай службы Польшчы, рэзкі рост колькасці нелегальных спроб перасячэння беларуска-польскай мяжы пачаўся ў канцы лютага, разам з прыходам цёплага надвор'я ў памежныя раёны. Калі ў снежныя і марозныя дні студзеня і першай паловы лютага часта мігранты па некалькі дзён не наважваліся на штурм мяжы, то ўжо 1 сакавіка такіх спроб за дзень было 50. І рост іх колькасці на гэтым не спыняўся. Дзённы максімум незаконнага перасячэння мяжы быў зафіксаваны 8 і 9 траўня - 651 незаконная спроба перасячэння мяжы за два дні, або ў сярэднім 325-326 спроб за дзень.

Травень стаў і рэкордным у месячным паказчыку - 6973 спроб. І гэта без уліку святочнага 1 траўня, за які звесткі не публікаваліся. Травеньская лічба ўдвая большая за паказчык сакавіка і больш чым на траціну за красавік.

А вось у чэрвені сітуацыя рэзка змянілася. На працягу першага месяца лета колькасць нелегальных спроб перасячэння мяжы ўпала фактычна да паказчыкаў сакавіка. І гэта нягледзячы на цёплае надвор'е, якія б, здавалася, павінны былі б наадварот садзейнічаць незаконнай міграцыі.

Лепш за ўсё дынаміку дазваляе прасачыць разбіўка месяцаў на дэкады. Калі ў апошнюю дэкаду траўня нелегальных спроб перасячэння мяжы было 2 226, то ў першую дэкаду чэрвеня – 1 915, другую – 1 036, а ў трэцюю - толькі 859. І гэта не канец падзення. За першыя 10 дзён ліпеня зафіксавана толькі 310 такіх спроб, што параўнальна з апошняй дэкадай лютага - 235. У першую дэкаду сакавіка нелегальных спроб ужо было істотна больш - 527.

Змяншэнне колькасці незаконных спроб перасячэння мяжы ў чэрвені супадае з узмацненнем жорсткасці рыторыкі і дзеянняў польскіх уладаў у дачыненні да Менска, ад якога нашмат больш рашуча патрабуюць спыніць міграцыйны крызіс. Гэта стала адказам на раненне 28 траўня мігрантам польскага вайскоўца, які памёр 6 чэрвеня. Польскія ўлады з аднаго боку пашырылі паўнамоцтвы сваіх вайскоўцаў і памежнікаў у ахове мяжы, а з другога - прыстрашылі Менск закрыццём таварных пунктаў пропуску на мяжы. Аб гэтым жа 24 чэрвеня польскі прэзідэнт Анджэй Дуда размаўляў са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам падчас свайго візіту ў Пекін.

І статыстыка перасячэння мяжы паказвае, што Менск гэтыя "намёкі" зразумеў і, магчыма, "апошняе кітайскае папярэджанне" пачуў. Праўда, не да канца, бо мігранты ўсё яшчэ спрабуюць нелегальна патрапіць у Польшчу. Магчыма, каб спыніць і гэта, узніклі праблемы з пропускам фур на беларуска-польскай мяжы 10 ліпеня. Ці пачуе гэтыя сігналы кіраўніцтва лукашэнкаўскага рэжыму, можна будзе неўзабаве ацаніць.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках