8 верасня 2024, Нядзеля, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Для Лукашэнкі ўсё скончылася

7
Андрэй Саннікаў: Для Лукашэнкі ўсё скончылася
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Для беларусаў адкрыюцца новыя "вокны магчымасцяў".

Лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў стаў госцем праграмы "Радыё Рацыя".

Апазіцыйны палітык расказаў, чаму беларусам не трэба пастаянна аглядацца на Расею, якія падзеі могуць адкрыць наступнае "акно магчымасцяў" для вызвалення краіны і чаму Беларусь чакае еўрапейская будучыня.

- У 1994 годзе прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. 10 ліпеня стала вядома, што перамог на выбарах Аляксандр Лукашэнка. Вы ў той час працавалі дарадцам прадстаўніцтва Беларусі ў Швайцарыі, калі я не памыляюся. Што вы падумалі аб такім выбары беларусаў?

- Не толькі падумаў, я ведаў, што гэта будзе катастрофа. Калі працаваў у Швайцарыі, я сустракаўся з пэўнымі людзьмі, якія ўваходзілі ў каманду Лукашэнкі. Тут можна назваць Анатоля Майсеню. Я спрачаўся з імі, а ён пераконваў мяне, што яны будуць калі не кіраваць, дык вызначаць курс, якім пойдзе Беларусь, а не Лукашэнка. Я ведаў, што гэтага не будзе. Таму я не "думаў", а ведаў.

- Тагачасныя беларускія эліты, не толькі палітычныя, але і культурныя, інтэлігенцыя ў цэлым, у іх было агульнае меркаванне - выбралі, але ён маладасведчаны правінцыял, старшыня калгасу - будзе год, два, больш не пратрымаецца. Было такое меркаванне, праўда?

- Было, таму што прайшлі першыя выбары. Былі яшчэ паўвольныя выбары ў Вярхоўны савет у 1991 годзе. ДУмаю, што гэта былі па-сапраўднаму першыя выбары, мы сутыкнуліся з гэтым інстытутам, былі ў захапленні - мы можам выбіраць сабе кіраўніцтва. І таму ўсе казалі, што "Сашка доўга не пратрымаецца". І нават ягоная жонка казала, што "больш чым на два гады ён ніколі не затрымліваўся ні на якім месцы".

- Атрымалася зусім інакш. 30 гадоў Лукашэнка для Беларусі - гэта 30 гадоў на вецер. Ці можна знайсці нешта станоўчае?

— Гэтае пытанне я вельмі не люблю і заўсёды адказваю, што давайце, калі ён скончыць, тады можна будзе нешта пашукаць станоўчае. Думаю, што гэта суцэльная чорная паласа, якая адкінула нас нават не на 30 год назад, а на больш.

Калі мы паглядзім, што вакол нас адбываецца, перш за ўсё - у Еўропе, у краінах Балтыі, у Польшчы, як людзі жывуць, як яны такі рывок здзейснілі, калі параўноўваць з Беларуссю. Відавочна, што калі б не гэтая ганебная вайна Расеі супраць Украіны, то ўвогуле Еўропа была б магутным аб'яднаннем багатых краін. Яна і зараз з'яўляецца такім аб'яднаннем, гэта гісторыя поспеху, але на гэтае аб'яднанне зараз здзейсніла напад Расея.

- У гэтай вайне Лукашэнка сапраўды вызначыўся, супраць каго ён і з кім ён. А што найважнейшае, самае істотнае, страчанае за Лукашэнкам? Што гэта, на вашую думку? Бо тут могуць быць зусім суб'ектыўныя адзнакі.

- Наша месца ў свеце - мы страцілі тое, што нам належыць паводле права, мы страцілі сваю еўрапейскасць, якая павінна была ўмацоўвацца. Мы страцілі ўсе нашыя магчымасці, якія мелі разам з тымі ж краінамі Балтыі, разам з той жа Польшчай.

Можа быць, нават больш магчымасцяў мелі, чым тыя краіны, якія зараз з'яўляюцца чальцамі Еўразвязу. Мы страцілі будучыню, якую мы павінны вярнуць, каб зноў стаць той Беларуссю, якая павінна быць у Еўропе і цывілізаваным свеце, а не з феадальнай Расеяй.

- Але Беларусь як дзяржава - вельмі маладая, я маю на ўвазе сучасную гісторыю, не зазіраючы ў Вялікае княства Літоўскае. 30 гадоў беларускай гісторыі - гэта амаль уся гісторыя беларускай незалежнай дзяржавы, калі не вяртацца ў ВКЛ. Страчанае пры Лукашэнку і праз Лукашэнку, ці можна гэта вярнуць, здагнаць следам за суседзямі?

- Думаю, што пасля Лукашэнкі вельмі хутка мы можам зрабіць нашу краіну, нашу дзяржаву па-сапраўднаму годнай. Гэта паказаў 2020 год, бо як бы не душыў Лукашэнку Беларусь і беларусаў, мы паказалі, наколькі таленавітыя і яскравыя ў нас людзі ёсць. Гэтыя людзі зараз былі вымушаныя выехаць з краіны. Але я ўпэўнены, што большасць з іх вернецца, калі не на пастаяннае пражыванне ў Беларусі пасля Лукашэнкі, то будуць дапамагаць краіне, бо адкрыюцца магчымасці, якія будуць прывабнымі, найперш для беларусаў. І ў краіне, і для тых, хто з'ехаў.

- Калі ўжо вы закранулі тэму будучыні, то давайце пра выбары, якія павінны будуць прайсці ў Беларусі ў 2025 годзе. Яны адбудуцца? Знойдзецца адважны контркандыдат? Гэта, як паказалі апошнія выбары, вельмі рызыкоўна - прамы шлях ці ў эміграцыю, ці ў турму. Раней, у 2010 годзе, вы ж былі таксама кандыдатам, апанентам Лукашэнкі на выбарах. Скончылася гэта турмой. Ці знойдзецца смелы чалавек праз год?

- Не, выбары скончыліся ў 2020 годзе, усё, больш у Беларусі за Лукашэнкам не будзе ніякіх выбараў, нават мясцовых. І таму нельга ніякіх надзей звязваць зараз з тым фарсам, які будзе ладзіць Лукашэнка, для якога ён зараз збірае каманду, гэта відавочна. Але ні беларусаў, ні людзей за межамі Беларусі ён не зможа падмануць, усё для Лукашэнкі скончылася. Іншыя працэсы будуць.

- Тады на што спадзявацца?

- На перамогу Украіны ў вайне. На тое, што трэба не толькі дапамагаць Беларусі, але і змагацца з Расеяй, бараніць Беларусь. Вось на гэта трэба спадзявацца. А тое, што будуць магчымасці і "вокны магчымасцяў" будуць стварацца і адчыняцца, я ў гэтым упэўнены.

- Калі ў Расеі не шмат што зменіцца ў выніку гэтай вайны, скончыцца яна замірэннем, унічыю скончыцца гэтая вайна, тады што? Калі не гэты Лукашэнка, то чарговы "лукашэнка", калі "рука Масквы" будзе трымацца над Беларуссю.

- Не, нас не павінна гэта палохаць. Мяне заўсёды гэта вельмі непакоіць, калі нам кажуць, што "вы паспрабуйце, але там жа Расея". Ну што Расея? Расея ёсць, і яна будзе, і будзе негатыўным чыннікам, будзе пагрозай нашай незалежнасці. Не трэба звяртаць на гэта сваю ўвагу, бо тыя, хто не звяртаў, тыя ж краіны Балтыі, яны зараз і незалежныя, і з'яўляюцца паўнапраўнымі чальцамі NАТО.

А тыя, хто думаў пра Расею, як пэўны час улады ў Малдове, зараз недзе ў балоце і апынуліся. Не варта думаць пра гэта, трэба думаць, як здабыць сапраўдную незалежнасць і рухацца далей. Не будзе ніякіх сілаў у Расеі падтрымліваць гэты рэжым, які патрабуе грошай і гвалту.

- А ці можна рухацца далей, як вы сказалі, з тымі, хто раней быў у камандзе Лукашэнкі, але пакінуў яе, перайшоў на светлы бок барыкад? Да чаго я, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна сказала пра Паўла Латушку, што ён павінен пакаяцца і не лезці ў палітыку, нешта падобнае. Я маю на ўвазе не толькі Паўла Латушку, а проста людзей, якія…

- Я вам адкажу. Мы мяркуем, што фальсіфікацыі выбараў - гэта злачынства, так? Так. Латушка, які займаў пасады і міністра, і амбасадара, ён не толькі ўдзельнічаў, ён адказваў за гэтыя фальсіфікацыі. Ну гэта ж злачынства. Праз суды яны змогуць далучацца да дэмакратычнага руху, да апазіцыі. А не так, што прыйшоў нейкі губазікавец і рэжымны чалавек, які працаваў больш за 20 гадоў на гэты рэжым і ствараў яго, і кажа, што ён лідар апазіцыі… Такога не павінна быць. Мы не пазбавімся гэтага рэжыму, калі мы будзем ашуканцаў і злачынцаў прымаць за нейкіх лідараў.

- Але вы таксама былі два гады намеснікам міністра замежных спраў. Можна сказаць, што два гады былі ў камандзе Лукашэнкі. Я разумею, тут крыху інакш, вы сышлі вельмі хутка.

- Я ніколі не быў у камандзе Лукашэнкі.

- Добра.

- Лукашэнка прыйшоў на тое, што я рабіў. Гэта ён скарыстаўся тымі вынікамі, якія МЗС напрацаваў для Беларусі. Па-першае, ён скарыстаўся дамовамі, якія мы напрацавалі. Напрыклад, тыя ж дамоўленасці з Еўразвязам. Не трэба распаўсюджваць хлусню, я ніколі не быў у камандзе Лукашэнкі.

- Гэта не мы распаўсюджваем…

— Гэта да Лябедзькі, да Цапкалы, але не да мяне.

- Гэта не мы распаўсюджваем, гэта, скажам так, беларусы часам абмяркоўваюць на ўсякіх форумах, у сацсетках і гэтак далей. «Калі Латушка працаваў, то чаму Саннікаў - не»? Я бачу розніцу, Саннікаў заплаціў вялікую цану за сябе, свае пастановы і сваё жыццё, гэта праўда.

- Не ў плаце нават справа. Ведаеце, калі я мог працаваць на дзяржаву, я працаваў. А потым зразумеў, што ўсё, скончыўся гэты перыяд, калі я яшчэ мог дамаўляцца.

Лукашэнка прыйшоў, калі я ўзначальваў дэлегацыі Беларусі, то бок ён перашкаджаў маёй працы, але ж я меў магчымасць працаваць. Калі ў 1996 годзе гэта ўсё скончылася, я сышоў у адстаўку напярэдадні рэферэндуму, яшчэ раз падкрэсліваю.

- Чакаем, што будзе ў 2025 годзе. Мой госць Андрэй Саннікаў гаворыць, што выбараў не будзе, час пакажа. Дзякуй за размову, усяго добрага, добрага дня.

- Усяго найлепшага.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках