26 чэрвеня 2024, Серада, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ад абсурду "выхаваўчых мерапрыемстваў" цямнее ў вачах»

4
«Ад абсурду "выхаваўчых мерапрыемстваў" цямнее ў вачах»

Псіхолаг з дзіцячага саду расказала пра дзіўныя капрызы кіраўніцтва.

Я жыву, відавочна, у свеце лічбаў не той статыстыкі, якую ўвесь час нам спрабуюць навязаць, піша чытачка сайта Charter97.org Алеся. Працую псіхолагам у дзіцячым садку аднаго з раёнаў Менскай вобласці. Мая праца не проста цяжкая, яна пякельна цяжкая. Перш за ўсё, я павінна падрыхтаваць кучу дакументаў, паперу на якія і картрыдж у друкарку я набываю за свае грошы. Дакладна скажу, што паперы так шмат, што на працу з дзецьмі ў мяне застаецца мінімум часу. Таму што нікога не цікавіць вынік: галоўнае ў лукашысцкай дзяржаве – гэта справаздачнасць.

Ад абсурду «выхаваўчых мерапрыемстваў» у садзе цямнее ў вачах: дзень Перамогі, дзень еднасці, дзень супраць хатняга гвалту, дзень цвярозасці і г.д. Вось што я павінна прыйсці і расказаць дзецям у тры-чатыры гады пра хатні гвалт і пра алкагалізм? Якія акцыі правесці?

Кіраўнікі, што сядзяць у кабінетах і выдаюць загады пра гэтае абсурднае ідэалагічнае выхаванне, хоць уяўляюць, як выглядаюць дзеці ў садзе і чым яны жывуць? Дзецям у гэтым узросце яшчэ трэба нагадваць, што пасля прыбіральні рукі мыць трэба і на якую ножку абуць сандалі. Ну якая ідэалогія!

Але вось быў у нас і дзень дзіцяці, на які мне як псіхолагу прапанавалі распрацаваць сцэнар свята і ўсё набыць за свае грошы. А кіраўніцтва захацела, каб быў аквагрым, вялікія бурбалкі, конкурсы з прызамі. Я ж толькі рада, калі ў садзе праводзіцца хоць нешта сапраўды для дзяцей. Але чаму я павінна для дня дзіцяці ўсё набываць са свайго заробку?

А вось паводле статыстыкі ён у мяне павінен быць не меншы за 2 тысячы рублёў. Дык калі б ён быў хоць прыблізна такі! Але мой максімальны заробак сёлета быў 1 тысяча рублёў, калі я была на замене выхавальніцы цягам месяца пяць дзён на тыдзень 10–12 гадзінаў. А вось мой заробак псіхолага яшчэ больш сціплы – 700 рублёў. І я вельмі хачу памяняць працу, але толькі ў нашым мястэчку выбар – паміж фермай, садам і школай. Як той казаў, лазня лазню гоніць, а абедзве ў брудзе стаяць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках