15 лiпеня 2024, панядзелак, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адмовілі ў легітымнасці самазванцам

82
Беларусы адмовілі ў легітымнасці самазванцам
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Жорсткая праўда ад галоўнай рэдактаркі «Хартыі’97».

Не магу больш моўчкі назіраць за тым, што адбываецца, таму надумала выказацца. Так, рэзка. Так, шмат каму не спадабаецца. У ілюзіях заўсёды жыць лягчэй. Але, можа, час нарэшце расплюшчыць вочы ці хаця б трохі задумацца?

Нічога больш бессэнсоўнага і бездапаможнага, чым так званыя выбары ў «каардынацыйную раду», я за 25 гадоў працы незалежнай журналісткай, бадай, не бачыла. Такая бессаромная прафанацыя адбылася ўпершыню. 6700 галасоў за ўдзельнікаў гэтага фарсу з амаль 7 мільёнаў беларускіх выбарцаў, з якіх не менш як 500 тысяч знаходзяцца за мяжой, велічыня на мяжы хібнасці.

Беларусы папросту праігнаравалі гэтае бяздарнае тэатральнае дзейства, гэты парад чужога славалюбства і жадання пагуляць у «палітыку», седзячы ў бяспечнай эміграцыі.

Хаця, павінна адзначыць, што ў так званых выбарах у КС узялі ўдзел і прыстойныя, але наіўныя людзі, аднак чамусьці ў большасці сваёй яны туды не прайшлі. Іх выкарыстоўвалі, як шырму. Спадзяюся, зараз яны гэта разумеюць.

За апошнія чатыры гады правальнай дзейнасці офіса Ціханоўскай і яго структур, стала зразумела, што гэтыя людзі не жадаюць ні працаваць, ні перамагаць. Іх мэта - імітаваць бурную дзейнасць, надзімаць шчокі і «мыльныя бурбалкі» ў выглядзе нежыццяздольных праектаў накшталт перамоў з уладай або «пашпартоў новай Беларусі», займацца палітычным турызмам і пладзіць бюракратыю, прыкрываючыся нібыта народнай падтрымкай.

Але выявілася, што ніякай падтрымкі няма. Беларусы адмовілі ім у легітымнасці і не сталі ўдзельнічаць у чарговым балагане.

Жыццё гэтых персанажаў праходзіць у паралельнай рэальнасці: з як бы «лідаркай», як бы «кабінетам», як бы «радай». Ім не цікавыя рэальныя людзі з іх рэальнымі праблемамі. Яны будуюць «вертыкаль», і ні чым не адрозніваюцца ад Лукашэнкі. Былыя лукашэнкаўскія чыноўнікі, сілавікі, прапагандысты і бізнэсозўцы зноў абзавяліся «партфелямі». Не мае значэння, што яны пустыя і бескарысныя.

Галоўнае, з важным выглядам ездзіць на аўтамабілях з уласным кіроўцам і аховай, як гэта робяць Ціханоўская і Латушка. Ці пускаць пыл у вочы заходнім палітыкам, як Кавалеўскі і Астапенка, якія раней рабілі гэта ў лукашэнкаўскім МЗС. Або падстаўляць людзей небяспечным і ўразлівым планам «Перамога», як гэта робіць падпалкоўнік ГУБАЗіК Азараў. Ці імітаваць актыўнасць, але так і не стварыць ва Украіне ніводнага рэальнага беларускага падраздзялення, як падпалкоўнік Сахашчык.

Галоўнае, здавацца важным, быць пры гарнітуры і гальштуку, пладзіць тоны нікому не патрэбных папер і пустых ініцыятыў, бясконца свяціць тварам у медыях і сацсетках і праводзіць незлічоную колькасць нікому не патрэбных канферэнцый, форумаў і кангрэсаў з аднымі і тымі ж абрыдлымі ўдзельнікамі, прасаджваючы грошы, якія маглі б пайсці на рэальныя справы.

Як гэты нятанны цырк, які зацягнуўся, дапамагае беларусам унутры краіны? Як набліжае нас да свабоды? Як дапамагае беларускім уцекачам? Давайце будзем сумленныя: ніяк.

Дзе вынікі іх ваяжаў па свеце? Дзе санкцыі за фактычнае забойства людзей у турмах? Як можна з тым узроўнем сустрэч, якія ёсць у Ціханоўскай, не дабіцца жорсткіх захадаў супраць рэжыму, які сёння чыніць злачынствы супраць чалавечнасці?

Мяне ванітуе ад іх пафасных і фальшывых прамоў, у якіх няма ні душы, ні болю за людзей. Я ведала шмат лідараў апазіцыі і кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, і ў большасці сваёй гэта былі людзі дэмакратычных поглядаў, якія цёпла размаўлялі з беларусамі; жылі сціпла; рызыкуючы сабой, хадзілі на акцыі пратэсту; спрабавалі не ўзначаліць, а аб'яднаць грамадства. Такімі былі Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Юры Захаранка, Станіслаў Шушкевіч, Віктар Івашкевіч, Андрэй Саннікаў, Юры Хадыка, Зянон Пазняк, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў ды іншыя.

Гэтыя ж у картэжах і пад аховай - ніяк не падобныя на змагароў за свабоду.

Відавочна, што ў Беларусі сітуацыя становіцца толькі горшай, колькасць палітвязняў не паддаецца падліку, тысячы чалавек сёння штодня зазнаюць катаванні.

Людзі паміраюць у турмах, і чым больш мінае часу, тым больш вязняў сумлення можа памерці.

Сапраўдныя лідары новай Беларусі сёння знаходзяцца ў турмах. Яны - будучыя прэзідэнты, міністры, мэры, дэпутаты парламента. Яны гэта заслужылі сваімі пакутамі, і ніхто сёння не мае маральнага права дзяліць паміж сабой якія-небудзь будучыя пасады.

Той самы Латушка, да прыкладу, у інтэрв’ю «Радыё Свабода» ўжо абвясціў, што «заходнія дыпламаты бачаць яго будучым прэзідэнтам Беларусі». Па-першае, хочацца яму сказаць, абіраць прэзідэнта краіны будуць беларусы, а не нейкія заходнія дыпламаты. Па-другое, мяркую, што такія, як Латушка, могуць не прайсці люстрацыю ў новай дэмакратычнай Беларусі за абслугоўванне крывавага рэжыму цягам дзесяцігоддзяў.

Эміграцыі, на мой погляд, сёння трэба засяродзіцца на рэальнай працы: дапамозе і падтрымцы сем'яў палітвязняў і ўцекачоў, інфармацыйнай працы і контрпрапагандзе, развіцці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, падтрымцы добраахвотнікаў і ветэранаў вайны ва Украіне, лабіяванні сур'ёзных і адчувальных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі за парушэнні праў чалавека. Гэта тое, што трэба і тое, што мы можам рабіць сёння, калі хочам сапраўды дапамагчы сваёй краіне.

Упэўненая, шанец на волю ў нас ёсць. Гэтая вайна разбурае два злачынныя рэжымы — пуцінскі і лукашэнкаўскі. Галоўнае, не губляць веры і дзейнічаць.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках