8 верасня 2024, Нядзеля, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каля мяжы з Літвой знайшлі «зашыфраваны» населены пункт

16
Каля мяжы з Літвой знайшлі «зашыфраваны» населены пункт

У сацсетках праз вёску разгарэліся спрэчкі.

У TikTok паміж беларусамі і не толькі разгарэліся спрэчкі праз невялікую вёску ў Пастаўскім раёне – мяркуючы з паказальнікаў, яна мае адразу тры назвы, прычым ужо даўно. Цяпер карыстальнікі спрабуюць зразумець, як жа правільна называць населены пункт і чаму ўвогуле ўтварылася такая блытаніна, піша «Люстэрка».

Аўтар відэа, што ўсіх усхвалявала, блогер пад нікам @kindus9978, расказаў, што яшчэ некалькі гадоў падчас паездкі па Віцебскай вобласці заўважыў цікавую асаблівасць адной вёскі ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. На першым дарожным паказальніку пры ўездзе ў населены пункт ягоная назва па-беларуску напісана як «Йодаўцы», на іншым – ужо "Іодаўцы". А на мясцовым аўтобусным прыпынку – «Іёдаўцы».

@kindus9978 #интересныеназвания #деревня #вёска #беларусь #путешествия ♬ оригинальный звук - kindus9978

– Адна вёска – тры назвы, – пракаментаваў блогер. І папрасіў знаўцаў растлумачыць, як гэта атрымалася.

Адразу некалькі чалавек у каментарах пастанавілі, што жыхары загадкавай вёскі спецыяльна «шыфруюцца, каб падаткі ці крэдыты не плаціць».

Нехта мяркуе, што там «жывуць партызаны»: «Ворагі заблукаюць, свае знойдуць».

Фанаты «Зорных войнаў» выказалі здагадку, што ў вёсцы жыве адзін з персанажаў серыялу, гранд-майстар ордэна джэдаяў – магістр Ёда ці самі джэдаі.

«50 адценняў Йодаўцы», – пракаментаваў адзін карыстальнік такую разнастайнасць назваў.

«Лепш “Йодаўцы”, калі будзеце гуляць у гарады і выпадзе літара Й – будзе што сказаць», – мяркуе іншы.

Што да сур'ёзных версій, то адзін з каментатараў напісаў, што паводле правілаў беларускай мовы населены пункт павінен называцца «Ёдаўцы» – гэта значыць, усе тры паказальнікі з роліка памылковыя.

Іншы выказаў здагадку, што правільна пісаць «Іадаўцы», бо назва вёскі нібыта паходзіць ад прозвішча Іодзель.

У каментары дайшлі нават жыхары суседняй Літвы. Яны патлумачылі, што раней вёску засялялі літоўцы, а старая яе назва на літоўскай мове – Juodaičiai (Юадайчай).

«На літоўскай juodas – чорны. Атрымліваецца нешта ў духу Чарноўка або Чарноўцы», – напісаў адзін з іх.

Як жа правільна павінна называцца вёска? Яшчэ ў 2009 годзе Дзяржкамітэт маёмасці выдаў нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» для ўсіх абласцей нашай краіны, у тым ліку для Віцебскай. У гэтым выданні назва населенага пункта на беларускай мове сапраўды запісаная як Ёдаўцы, а на расейскай – Ёдаўцы. Зрэшты, на ўсіх мапах і нават у афіцыйных дакументах ён фігуруе як Ёдаўцы.

Дарэчы, каментатары з іншых месцаў Беларусі расказалі, што ў іх таксама сустракаюцца вёскі, якія носяць тры назвы:

«Пад Берасцем ёсць вёска Выстычы, Вiстычы, Вiстычi».

«Йодчыкі, Ёдчыкі, Юрчыкі – у Івацэвіцкім раёне адна і тая вёска».

«Рыдзігерава, Рэдэгірава, Рэдыгірава – Лунінецкі раён».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках