Украінскія пілоты дронаў выперадзілі рэкардсмэнаў-снайпераў ЗША
7- 4.11.2024, 14:32
- 6,454
Гэта мяняе правілы вайны.
Пілоты беспілотнікаў сталі самымі смяротнымі салдатамі на сучасным полі бою, яны здольныя даставіць выбухную моц гранатамёта з дакладнасцю снайпера і на далёкасць, з якой б'е артылерыя.
Ва Украіне аператары БПЛА стварылі нейтральную зону перад лініяй фронту, якая сёлета перашкодзіла масаванаму расейскаму войску прарваць абарону, піша ў панядзелак, 4 лістапада, The Wall Street Journal.
Як адзначае аўтар публікацыі, расейскія сілы, больш шматлікія і лепш абсталяваныя, не дамагліся прарыву і панеслі вялікія страты "галоўным чынам дзякуючы аператарам дронаў".
Адзін з іх - 29-гадовы Аляксандр Дахно з 47 асобнай механізаванай брыгады. З ягоных слоў, ён забіў за паўтара года блізу 300 расейскіх акупантаў.
«Што амаль удвая больш, чым прыпісваюць самаму смяротнаму амерыканскаму снайперу, галоўнаму старшыне Крысу Кайлу, які служыў у Іраку. У некаторых калег Дахно нават больш высокія лічбы», - піша WSJ.
Украіна стала першай краінай, якая інтэгравала падраздзяленні беспілотнікаў у большасць брыгад сваіх узброеных сіл, дзе яны, як правіла, ствараюць уласныя тэхнацэнтры і майстэрні для вытворчасці боепрыпасаў.
У той час, як Расея можа выпусціць у неба большую колькасць дронаў, Украіна мае перавагу ў дасведчаных пілотах і тэхналогіях.
"Інавацыйнае выкарыстанне Украінай малых паветраных дронаў дае ёй перавагу з тых часоў, як яе значна буйнейшы сусед пачаў уварванне ў лютым 2022 года", – адзначае аўтар публікацыі.
У WSJ падкрэсліваюць, што пераважная большасць тых, хто зараз знаходзіцца ў падраздзяленнях беспілотнікаў, ніколі раней не служылі ў войску.
Дахно, заўзяты гулец відэагэймер у юнацтве, якога маці часта лаяла за занадта доўгае сядзенне за гульнямі, нядаўна накіраваў вялікі дрон з відам ад першай асобы, абсталяваны бомбай, у школьную залу, дзе хаваліся акупанты. Школы больш няма, расказаў пілот журналісту WSJ.
За найлепшымі аператарамі дронаў, піша выданне, стаяць арганізацыі, якія працуюць як спарадкаваныя тэхналагічныя стартапы. Інавацыі, лагістыка і камунікацыі, а таксама пісьменная вайсковая тактыка - вось іх ключ да поспеху.