Капітан УСУ распавёў, што яго ўразіла ў расейцах, якія здаліся ў палон
19- 31.10.2024, 21:27
- 61,540
Палонныя былі ўзяты ў Курскай вобласці.
25-гадовы львавянін, капітан УСУ Юрый Жукавец даў кароткую характарыстыку расейскім байцам, якія трапілі ў палон на Курскім накірунку ў пачатку аперацыі.
Капітан і камандзір выведроты 103-й асобнай брыгады тэраабароны Юрый Жукавец у інтэрв'ю для YouTube-платформы «Украінская праўда» падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гутаркі з расейскімі вайскоўцамі, якіх яму даводзілася браць у палон на тэрыторыі РФ у пачатку Курскай аперацыі.
Са слоў абаронцы Украіны, усе расейскія салдаты на гэтым кірунку былі спалоханымі і хлуслівымі.
«Страх - гэта яшчэ зразумела, але сталы падман...Напэўна, ён характэрны для ўсёй іх нацыі, - сказаў Жукавец. - Былі моманты, калі мы з імі спрабавалі правесці гутарку, гэта значыць, даведацца хто, чаму і навошта. Але ў іх заўсёды гучалі ўсяго дзве тэзы: «Акрамя Куршчыны мы нідзе не былі, і мы вайскоўцы тэрміновай службы».
Адпаведна, калі пазней бярэш іх дакументы і глядзіш, што камусьці з іх 35 гадоў, закрадаюцца сумневы, як чалавек можа быць вайскоўцам тэрміновай службы ў такім узросце. Іх сталы падман давёў да таго, што нарэшце іх проста пакавалі, вывозілі і перадавалі спецыяльна навучаным людзям, якія з імі працавалі і атрымлівалі неабходную інфармацыю.
«Гэта паталагічныя хлусы», – падкрэсліў капітан УСУ.
Таксама Жукавец адзначыў, як у пачатку Курскай аперацыі галоўнай памылкай расейскіх вайскоўцаў было тое, што яны спадзяваліся на ўступленне ў бой усіх салдат, якія з імі знаходзяцца. Але ў выніку большасць з іх пачалі ўцякаць, гэта вельмі дрэнна адбілася на маральным стане астатніх.
«Калі ты разумееш, што цябе акружаюць, ты ўжо не маеш ніякай матывацыі змагацца, таму здаешся ў палон», - сказаў абаронца Украіны.
Але расейцы дастаткова хутка выправілі гэтую памылку. Яны падцягнулі на Курскі кірунку рэгулярнае войска і пачалі праводзіць досыць масаваныя напады, таму зараз з імі не так лёгка змагацца, як у пачатку аперацыі.
«Як бачыце, яны заўсёды бяруць колькасцю. У іх ёсць магчымасць ціснуць нас масай. Патроху недзе яны маюць поспех, а недзе ім гэта не дапамагае. Але агулам гэтая іх тактыка дзейсная», - падсумаваў Жукавец.