Расея пачала выпрошваць масла ў Турцыі і ААЭ
36- 3.11.2024, 9:49
- 11,990
Пасля наймацнейшага за 17 гадоў скачка цэн.
Расейскія ўлады звярнуліся па дапамогу да «дружалюбных краін» праз крызіс на рынку сметанковага масла, дзе кошты ўзляцелі амаль на 26% з пачатку года.
Упершыню ў гісторыі пастаўляць масла ў Расею пачалі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, паведаміла прэс-служба Расельгаснагляду. Паводле інфармацыі ведамства, з 18 кастрычніка на тэрыторыю РФ было ўвезена 90 тон масла з ААЭ. З 27 кастрычніка таксама ўвозіцца масла з Турцыі, а акрамя таго, прайшлі перамовы аб закупах у Індыі і Іране, паведамілі "Известиям" у Мінсельгасе.
Рост коштаў масла імкліва паскорыўся з пачаткам восені: у верасні яно падаражэла на 5,07%, а з 1 да 28 кастрычніка - на 6,58%. Гэты скачок стаў рэкордным з кастрычніка 2007 года, калі масла за месяц падаражэла на 12,7%. Гадавы рост коштаў масла да канца кастрычніка дасягнуў 25,7%, і ў супермаркетах буйных гарадоў, у тым ліку Масквы, Санкт-Пецярбурга і Екацярынбурга, пачасціліся выпадкі крадзяжоў.
«Пажар» на рынку масла ўспыхнуў у сувязі з тым, што падаражэлі імпартныя тлушчы, у заводаў узніклі складанасці з абслугоўваннем імпартнага абсталявання і дэфіцыт сыравіны, пералічвае намеснік старшыні праўлення «Руспрадсаюза» Дзмітрый Ляонаў. Акрамя таго, адбіваюцца недахоп кадраў і павышэнне стаўкі ЦБ, зазначае ён. У канцы кастрычніка адразу некалькі буйных заводаў часткова ці цалкам прыпынілі вытворчасць і адгрузкі масла. Сярод іх - кампанія H& N (брэнд «Прастаквашына»), «Мілкам», малочныя камбінаты «Альмецьеўскі» «Кунгурскі», «Паўночнае малако», а таксама Ірбіцкі малочны завод.
Тэрміновую нараду па сітуацыі з маслам 31 кастрычніка правёў віцэ-прэм'ер Дзмітрый Патрушаў. Ён даў чыноўнікам два тыдні на тое, каб стабілізаваць кошты. Віцэ-спікер Дзярждумы Барыс Чарнышоў прапанаваў і зусім зафіксаваць кошт масла ў раздробных сетках, якія тым часам узяла на кантроль ФАС.
Улады робяць захады, каб завезці масла з-за мяжы, паведамілі «Известиям» у Мінсельгасе. Са слоў крыніцы выдання, разглядаецца магчымасць не абкладаць такое масла падаткамі - іх могуць скасаваць для прадукцыі «дружалюбных» краін па-за ЕАЭС.