NYT расказала, як туарэгі завабілі калону «вагнераўцаў»
1- 1.11.2024, 21:51
- 3,944
Найбуйнейшая параза наймітаў у Афрыцы.
Газета The New York Times аднавіла храналогію бою ПВК Вагнера з паўстанцамі ў Малі ў канцы ліпеня, калі расейскія найміты пацярпелі найбуйнейшую паразу ў Афрыцы.
З дапамогай спадарожнікавых здымкаў, апублікаваных і перададзеных паўстанцамі фота і відэа з месца бою, інтэрв'ю з удзельнікамі бою і мясцовымі жыхарамі газета аднавіла храналогію падзей, якія папярэднічалі разгрому расейскай калоны, а таксама рэканструявала сам бой. Сярод вывучаных NYT кадраў відэа і фота, зробленыя загінулым у баі адміністратарам тэлеграм-канала Grey Zone Мікітам Фядзяніным.
У ліпені расейскія найміты скіраваліся ў горад Тынзаўатэн на мяжы з Алжырам, які ўтрымліваюць паўстанцы.
24 і 25 ліпеня машыны наймітаў падарваліся на самаробных выбуховых прыстасаваннях, закладзеных на дарозе, піша NYT. Пасля гэтага калона сышла з першапачатковага маршруту і пачала рух па больш складанай мясцовасці. Недалёка ад Тынзаўатэну прасоўванне наймітаў замарудзілася праз пясчаныя выдмы.
Менавіта тут туарэгі наладзілі засаду. Спачатку яны атакавалі наймітаў здалёк, і ПВК панесла першыя страты. Вагнераўцы выклікалі два гелікаптэры для эвакуацыі параненых і забітых, але адзін з іх падбілі паўстанцы.
Потым пачалася пясчаная бура, дзякуючы якой туарэгі змаглі наблізіцца да наймітаў. Бура ж не дазволіла ПВК выклікаць падмацаванне. Вагнераўцаў узялі ў акружэнне: з аднаго боку на іх напалі туарэгі, з другога – звязаныя з «Аль-Кайдай» баевікі.
У шэрагах «Вагнера» пачаўся хаос: на кадрах з месца бою можна ўбачыць байца, які спрабуе справіцца з няспраўнай зброяй, кінуты мінамёт, бронятэхніку, якая не выкарыстоўваецца, і раскіданыя па зямлі боепрыпасы.
Суразмоўцы NYT з малійскіх службаў бяспекі расказалі газеце, што ў «Вагнера» была дрэнная каардынацыя з урадавымі войскамі і што найміты недаацэньвалі ворага.
У выніку нападнікі вымусілі наймітаў адступіць на поўдзень, піша NYT. «Мы загналі іх у пастку», – сказаў газеце камандзір туарэгаў.
Журналісты пацвердзілі з фатаграфіяў з месца бітвы гібель як мінімум 46 «вагнераўцаў» і 24 малійскіх салдатаў, якія ваявалі разам з ПВК. Гэта найбуйнейшыя страты для групоўкі ў Афрыцы за ўвесь час існавання «Вагнера» і адны з найбуйнейшых за межамі Украіны.
Адначасова гэта разбурыла легенду, якую «Вагнер» выкарыстаў для прываблівання новых байцоў: ім абяцалі, што войны ў Афрыцы значна больш бяспечныя і прыбытковыя, чым ва Украіне, піша NYT. І да ліпеня гэта, як правіла, было праўдай, зазначае газета.