Reuters: Іран баіцца Трампа
6- 1.11.2024, 21:33
- 2,110
Ягонае вяртанне да ўлады можа прывесці да вялікіх праблемаў для Тэгерана.
Іран і ягоныя хаўруснікі рыхтуюцца да таго, што яны ўважаюць за жахлівае наступства найбліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў у ЗША – вяртанне Дональда Трампа да ўлады. Пра гэта ў пятніцу, 1 лістапада, паведамляе Reuters.
Адзначаецца, што іранскія лідары і іх рэгіянальныя хаўруснікі ў Ліване, Іраку і Емене занепакоеныя, што Трамп можа перамагчы 5 лістапада, і гэта можа выклікаць для іх яшчэ больш праблемаў.
Асноўнай турботай Ірана з'яўляецца верагоднасць таго, што Трамп дасць «зялёнае святло» ізраільскаму прэм'ер-міністру Беньяміну Нетаньяху для ўдараў па ядзерных аб'ектах Ірана.
Таксама на Блізкім Усходзе асцерагаюцца, што Трамп адновіць сваю палітыку «максімальнага ціску» шляхам узмацнення санкцый на нафтавую галіну і нацэліцца на ліквідацыю лідараў тэрарыстычных груповак.
Іранскія, арабскія і заходнія чыноўнікі прагназуюць, што Трамп будзе чыніць ціск на вярхоўнага лідара Ірана аяталу Алі Хаменеі, прымушаючы яго пагадзіцца на пагадненне аб ядзерным стрымліванні на ўмовах, якія ўсталюе ён сам і Ізраіль.
«Такія патэнцыйныя дзеянні могуць мець далёкія наступствы для балансу сілаў на Блізкім Усходзе і могуць змяніць знешнюю палітыку Ірана і ягоныя эканамічныя перспектывы», – адзначае Reuters.