Больш за 100 «Шахедаў» зайшло ў Беларусь з ліпеня
4- 1.11.2024, 16:29
- 1,892
Іх колькасць расце.
Сёння ўначы мы перасеклі ўмоўную мяжу 100 «Шахедаў», якія заляцелі ў Беларусь з 11 ліпеня.
100-м стаў дрон, які заляцеў сёння а 00:41, а ўсяго на гэты момант з ліпеня ў паветраную прастору Беларусі зайшлі як мінімум 106 шахедаў, 1 робат тыпу Supercam і 1 «Арлан», піша «Беларускі Гаюн».
За гэтыя 3,5 месяцы мы штодня назіраем экспанентны рост гэтых заходаў, гледзіце самі:
- ліпень - 9 штук
- жнівень - 12
- верасень - 27
- кастрычнік - 49.
І ўжо 9 штук заляцела ў лістападзе.
Акрамя гэтага, за час назірання пацверджана, што на тэрыторыі Беларусі было збіта/упала 6 «Шахедаў» (і яшчэ адзін упаў у Латвіі, праляцеўшы ≈500 км праз Беларусь).
Колькасць жа тых, якія былі лакацыйна страчаныя, ужо дасягнула 28 штук — гэта ў сваю чаргу значыць, што проста зараз недзе ў Беларусі могуць валяцца дзясяткі раздробленых дронаў.
І ёсць усе падставы меркаваць, што заходы «Шахедаў» у паветраную прастору Беларусі будуць не толькі працягвацца, але і іх частата будзе расці.