Нафта рэзка падскочыла ў кошце праз падрыхтоўку новага ўдару па Ізраілі
3- 1.11.2024, 12:55
- 2,706
Іран можа атакаваць ужо ў найбліжэйшыя дні.
Цэны на нафту працягнулі рост у пятніцу, 1 лістапада, узняўшыся больш чым на 1 даляр за барэль. Пра гэта паведамляе Reuters.
Ф'ючарсы на нафту маркі Brent падаражэлі на 1,39 даляра, або на 1,9%, да 74,20 даляра за барэль. У той жа час амерыканская WTI (West Texas Intermediate) вырасла ў кошце на 1,44 даляра, або на 2,1%, да 70,70 даляра.
Кошты павялічыліся на фоне паведамленняў ізраільскай выведкі, якая лічыць, што Іран можа атакаваць Ізраіль ужо ў найбліжэйшыя дні. Удар нібыта збіраюцца нанесці з тэрыторыі Ірака. Для яго могуць выкарыстоўваць вялікую колькасць балістычных ракет і БПЛА.
Пры гэтым аналітыкі зазначаюць, што як Ісламская Рэспубліка, так і Ізраіль не жадаюць пачатку поўнамаштабнай вайны. А значыць, хутчэй за ўсё, новы ўдар будзе абмежаваным.
На нафтавыя кошты таксама паўплывалі чаканні наконт пастановы краін OPEC+ адкласці запланаванае на снежань павелічэнне здабычы "чорнага золата". На гэты крок нібыта пайшлі праз асцярогі наконт даволі нізкага попыту нафты.