САЗ: 150 краінаў паспяхова скарачаюць ужыванне тытунёвых вырабаў
1- 17.01.2024, 21:39
- 6,132
А шэсць ужываюць больш.
У свеце тытунёвыя вырабы ўжывае ў агульнай колькасці 1,25 млрд дарослых жыхароў планеты. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 16 студзеня дакладзе Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ), праінфармавала арганізацыя.
150 краінаў «паспяхова скарачаюць ужыванне» тытунёвых вырабаў, адзначаюць у САЗ. Напрыклад, Бразілія і Нідэрланды з 2010 года знізілі спажыванне адпаведна на 35 і амаль 30 адсоткаў.
Рост ужывання тытуню назіраецца ў шасці краінах. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, гэта Конга, Егіпет, Інданэзія, Іярданія, Аман і Малдова.
«Узровень ужывання тытунёвых вырабаў [у свеце] прадаўжае зніжацца. [...] Прыкладна кожны пяты дарослы чалавек у свеце спажывае тытунь – у параўнанні з кожным трэцім у 2000 годзе. [...] САЗ заклікае краіны прадаўжаць укараняць палітыку барацьбы супраць тытуню і ўмяшання з боку тытунёвай прамысловасці», – падкрэслілі ў САЗ.
Дырэктар Дэпартамента САЗ ва ўмацаванні здароўя Рюдыгер Крэх мяркуе, што «тытунёвая прамысловасць у пагоні за прыбыткам гатовая пайсці на «незлічоныя жыцці».
«Тытунёвая прамысловасць выкарыстоўвае любую магчымасць, каб маніпуляваць палітыкай у сферы аховы здароўя і прадаваць сваю смяротна шкодную прадукцыю», – мяркуе ён.
Паводле звестак САЗ, больш за ўсё курцоў у адсоткавых суадносінах – у Паўднёва-Усходняй Азіі (26,5%) і Еўропе (25,3%).
«Узровень ужывання тытуню сярод жанчынаў у еўрапейскім рэгіёне САЗ больш як удвая перавышае сярэдні сусветны паказнік і зніжаецца значна больш павольна, чым ва ўсіх іншых рэгіёнах», – піша арганізацыя.