27 красавiка 2024, Субота, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Птушачку шкада?

29
Птушачку шкада?
ІРЫНА ХАЛІП

Пра «дабруноў» і Рому.

Ёсць такое гутарковае слова – “дабруны”, уведзенае ва ўжытак беларускім журналістам Аляксандрам Ачарэтнім. Часцей за ўсё яго выкарыстоўваюць журналісты-анімалісты, біёлагі, паляўнічыя. Бо ўжываецца яно ў выпадках, калі гаворка ідзе аб паводзінах чалавека ў дачыненні да жывёлы.

Ачарэтні, журналіст і паляўнічы, тлумачыў, што менавіта “дабруны” ўзімку нясуць боханы хлеба да сажалак і закормліваюць лебедзяў і качак. Чыпсы таксама нясуць, і нават салёныя асушкі. Дарэчы, некалькі гадоў таму “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ўжо біла трывогу, бо дзякуючы гэтай наіўнай дабрыні ў межах Менска загінулі некалькі сотняў крыжанак – яны проста нажэрліся. Цяпер, праўда, кіраўнік «Аховы» Віктар Фянчук адбывае тэрмін паводле «народнага» артыкулу ў магілёўскай калоніі, так што не было каму мінулай зімой нагадаць, што нельга карміць вадаплаўных птушак, а вось кармушкі для вераб'іных з просам і семкамі вешаць трэба.

Яшчэ “дабруны” любяць падбіраць птушанят і несці іх у заапарк, думаючы, што ратуюць гаротных птушачак. Хаця птушкі проста вучыліся лётаць, а ў заапарку яны хутка ідуць на корм драпежнікам. Або - вывозіць сваіх сабак увесну ў лес-поле-луг, каб тыя маглі пабегаць на сваё задавальненне, не думаючы аб тым, што менавіта цяпер - перыяд гнездавання, і вясёлы гарэзны сабака можа за час такога шпацыру знішчыць нямала гнёздаў і кладак. Або - збіраць грошы на апарат Ілізарава для траўмаванага цяляці, каб ён мог спакойна падгадавацца і стаць паўнавартаснай ежай. І, вядома ж, разважаць аб бессардэчнасці паляўнічых, ядучы дзічыну ў рэстарацыі.

Увогуле тут усё ясна. Але надоечы я зразумела, што слова "дабруны" належыць і да ўнутрыгатунковых стасункаў - чалавечых. Менавіта “дабруны” апошні час пачалі з той жа апантанасцю, з якой цягнуць у заапарк птушанят, а на зімовую сажалку - чыпсы, прапаноўваць усім астатнім пашкадаваць Ромачку. Вось проста з хапаннем за рукаво, з гучнымі воклічамі, заломваючы рукі. Пашкадуйце Ромачку, вы абавязаныя гэта зрабіць! А калі вы яго не шкадуеце, прычым публічна, то вы бессардэчныя паляўнічыя або ўвогуле драпежнікі. Ромачку трэба шкадаваць таксама гучна, часта і экзальтавана. Бо ён ахвяра, ён расказваў у тэлевізары брудныя драбніцы пра сваіх сяброў і паплечнікаў без вялікага задавальнення, дый сведчанні супраць Соф'і Сапегі, напэўна, даваў з пачуццём віны і пад ціскам, а цяпер наогул памілаваны і вольны, хіба гэта не нагода для спачування? Хто не спачувае - той не ліберал і наогул памагаты рэжыму. Баранавіцкіх студэнтаў нават дзяржава зганяе супольна шкадаваць Рому і калектыўна глядзець ягонае інтэрвію БТ, а мы што, горшыя за дзяржаву, менш чалавечныя? Надта, дарэчы, у гучнае спачуванне ўлягаюць расейскія лібералы - тыя ж самыя, якія шкадуюць яшчэ і "іхніх хлопчыкаў". Для іх што тыя хлопчыкі з ПВК, што Рома - годныя аб'екты для спачування. Нашых, зрэшты, таксама стае. Яны хлопчыкаў не шкадуюць, толькі Рому. Затое ўжо яго - ад пуза, ад душы, ад першага да апошняга слова. Шкадуюць - як чыпсы лебедзям нясуць: пачкамі і кілаграмамі.

І няўцям чалавечым “дабрунам”, што калі яны сапраўды шкадуюць Рамана Пратасевіча, то адзінае і найлепшае, што яны могуць зрабіць для яго, - гэта забыцца. Забыцца дарэшты, навекі, выкасаваць з памяці і з допісаў у сацыяльных сетках. Пакінуць сам-насам з ягоным уласным жыццём, сумленнем, успамінамі, віной - калі ўсё гэта поўным спісам ёсць, вядома. Калі не - то проста пакінуць сам-насам з ягоным жыццём і новымі сябрамі-прапагандыстамі. Не сумняваюся, што менавіта за гэта ён і быў бы ўсім удзячны - за поўнае забыццё. Гэта і ёсць у гэтым канкрэтным выпадку сапраўдны гуманізм і бясконцая дабрыня.

Дарэчы, на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» - там, дзе табліцы з імёнамі рэпрэсаваных, артыкуламі і нумарамі калоній, ёсць раздзел «Былыя палітычныя вязні». Дык вось, у гэтым раздзеле побач мірна суіснуюць і Рома, і Вітольд Ашурак, і Мікалай Клімовіч. А вось гэта ўжо бесчалавечна і проста непрыстойна - аб'ядноўваць Вітольда і Мікалая з Раманам. Ды яшчэ і называць загінулых у беларускіх калоніях палітычных вязняў словам "былыя". Гэта ўсё адно што назваць Аляксандра Кулінковіча былым музыкам, а Паўла Шарамета былым журналістам. Ашурак і Клімовіч ніколі не стануць былымі палітычнымі вязнямі, бо ўжо не выйдуць на волю.

Я прапаную для іх стварыць асобны раздзел: «Вечныя палітычныя вязні». І ніколі не ставіць у адзін шэраг з аб'ектамі камунальнага шкадавання.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках