27 красавiка 2024, Субота, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Польшча наносіць магутныя ўдары па «партманэтах Лукашэнкі»

16
«Польшча наносіць магутныя ўдары па «партманэтах Лукашэнкі»

Што думаюць берасцейцы аб магчымым закрыцці мяжы з Польшчай.

З 10 лютага Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі», рэагуючы на жорсткі прысуд палітвязню Анджэю Пачобуту. Учора прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна заявіў, што памежны пункт пропуску «Тэрэспаль» таксама можа быць закрыты. З ягоных слоў, «такая пастанова ўжо на стале».

Адзначым, што «Берасце»/«Тэрэспаль» - адзіны пераход для аўтобусаў і легкавушак, які цяпер функцыянуе на беларуска-польскай мяжы. Для грузавога транспарту працуюць яшчэ «Казловічы».

Аб магчымым поўным закрыцці польскай мяжы з Беларуссю сайт Charter97.org пагаварыў з берасцейцам, актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і мужам палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панаcюк Андрэем Шарэндам.

- Урад Польшчы прымае складаныя пастановы, якія тычацца дзясяткаў тысяч беларусаў, што жывуць пры мяжы. Многія мае знаёмыя з Берасця, Гародні практычна штодзень ездзяць у Польшчу. Часцей за ўсё на працу або каб падзарабіць. У Беларусі ж заробкі жабрацкія.

Яны зарабляюць перавозкай рэчаў, тавараў, дазволеных заканадаўствам. Выйдзе дзесьці $200-500 дадатковага заробку для сям'і, на які спрабуюць пражыць. Закрыццё межаў, вядома, ударыць па бюджэце гэтых сем'яў, якасці жыцця, але шмат хто разумее, чаму гэта адбываецца, што ў гэтым вінаваты толькі рэжым Лукашэнкі. Дзеянні Польшчы цалкам апраўданыя.

Берасце - адзін з найбольш пацярпелых гарадоў ад рэпрэсій. Скажу нават, што ў кожнага берасцейца ёсць знаёмыя ці сваякі, якія зазналі рэпрэсіі. Гэта вельмі адбілася на свядомасці людзей.

Усё ідзе да таго, што Польшча закрые і галоўны пераход «Берасце/«Тэрэспаль». Фактычна, ён цяпер адзіны, які застаўся для пропуску аўтобусаў і прыватнага легкавога транспарту. Для грузавікоў засталіся «Казловічы».

З 2020-га года скасаваныя наўпроставыя цягнікі з Беларусі ў Польшчу, а цягніком з Берасця ў Варшаву праз Тэрэспаль можна было дабрацца ўсяго за некалькі гадзін. Цяпер з Берасця ходзіць некалькі дзясяткаў аўтобусаў на Тэрэспаль, Бялу-Падляску і Варшаву.

Скажу, што кожны дзень толькі аўтобусамі мяжу пераязджае блізу 10 тысяч беларусаў. Гэта ўдар па жыхарах Берасця, яны пазбавяцца дадатковага заробку: упадзе якасць жыцця. У Берасці элементарна нельга набыць прадукты такой якасці, якія прадаюцца ў суседнім маленькім польскім Тэрэспалі.

- Наколькі закрыццё мяжы, на ваш погляд, моцны ўдар па рэжыме Лукашэнкі?

- Так, Польшча магутна б'е па самім Лукашэнку і ягоных лакеях. Удар па «шэрых схемах», якія працуюць у абыход санкцый. Просты прыклад: з восені мінулага года ў беларускіх крамах заўважылі польскія яблыкі. Санкцыі працуюць і ў Беларусь афіцыйна яны не могуць пастаўляцца. Аднак яны ёсць на прылаўках крамаў пад выглядам беларускіх, але гэта відавочна польская садавіна. Берасцеец польскія яблыкі не зблытае ні з якімі іншымі.

Гэта сведчыць аб тым, што працуюць «шэрыя схемы» кантрабанды садавіны і агародніны. Частка з іх асядае ў Беларусі, а большая частка ідзе ў Расею. На іх нажываюцца алігархі, якія знаходзяцца пры Лукашэнку, ягоныя «партманэты». Вось яны і застануцца без дадатковага даходу на сотні мільярдаў даляраў за год.

Закрыццё межаў прывядзе да ліквідацыі кантрабанды як яблыкаў, так і цыгарэт. Ні для каго не сакрэт, што кантрабанда цыгарэт - ценявы бізнэс «партманэтаў Лукашэнкі». Гэта вельмі добрая падтрымка рэжыму, якому прыйдзе канец. Закрыццё пунктаў пропуску, калі і не цалкам пазбавіць іх заробку, але вялікага кавалка дакладна. Гэта балючы ўдар.

- Твая жонка Паліна - палітзняволеная. Ці паскорыць перацінанне транзіту для рэжыму вызваленне палітвязняў?

- Думаю, што калі Польшча закрые ўсе пагранпераходы, да яе далучацца Літва з Латвіяй, то гэта можа прывесці да эканамічнага калапсу ў Беларусі. Эканоміка нашай краіны і так знаходзіцца ў гаротным стане. Такі ўдар можа яе накаўтаваць.

Падкрэслю, што я як берасцеец, чые знаёмыя і родныя людзі зазналі рэпрэсіі, стаўлюся да гэтага станоўча.

- Праз Берасце ідзе шмат расейскіх і кітайскіх цягнікоў і фур. Ці могуць яны націснуць на Лукашэнку, калі адбудзецца закрыццё межаў?

- Безумоўна. Закрыццё як наземных пераходаў, так і чыгуначных прывядзе да таго, што сябры-дыктатары Пуцін і Сі Цзіньпін будуць ціснуць на Лукашэнку. Бо гаворка ідзе пра шкоду на мільярды даляраў для бюджэту Лукашэнкі і іншых краін. Магчыма, што яны націснуць, а гэта дасць вынік.

Хачу сказаць, што цяпер у грамадстве лунае ідэя, што «давайце аслабім санкцыі, можа кагосьці выпусцяць». Не.

Надышоў момант, калі трэба наадварот даціснуць рэжым санкцыямі. Чым большым ізгоем будзе Лукашэнка ва ўсім свеце, тым хутчэй будуць вызваленыя не толькі палітвязні. Іх вызваленне - першы крок да перамогі, але дадатковы ціск прывядзе да таго, што рэжым хутчэй абрынецца і мы атрымаем тое, чаго дамагаемся.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках