4 траўня 2024, Субота, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Без свабоды наша жыццё не мае сэнсу

3
Без свабоды наша жыццё не мае сэнсу
Вячеслав Борок

Ксёндз адказаў на галоўныя пытанні, якія сёння хвалююць беларускае грамадства.

У Варшаве 28 кастрычніка прайшла вечарына памяці добраахвотніка Эдуарда Лобава і іншых беларускіх воінаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Амаль 100 чалавек сабраліся ў Музеі вольнай Беларусі.

Пасля паказу фільма «Вечны бой Эдуарда Лобава, які зняў тэлеканал «Белсат», адбылася дыскусія з удзелам маці Эдуарда Марыны Лобавай, рэжысёра фільма Вольгі Воранавай, ксяндза Вячаслава Барка і валанцёра грамадскай арганізацыі «Еўрамайдан», вядомага журналіста Яўгена Клімакіна. Мадэратарам выступіла Наталля Радзіна.

У час дыскусіі Вячаслаў Барок закрануў вельмі важныя тэмы для беларускага грамадства. Чаму людзі выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе? Як спыніць вайну? За што змагаюцца беларусы ва Украіне? Як нам перамагчы?

Сайт Charter97.org прыводзіць выступ каталіцкага святара:

- Гінуць не тыя, хто прыстасоўваецца ў сваім жыцці і «прызямляецца на чатыры лапы». Гінуць моцныя, тыя, хто думае не толькі пра сябе, але і пра іншых.

Гінуць тыя, што на лініі агню закрываюць сваімі целамі кулі, якія ляцяць з боку агрэсараў у ахвяру. Гінуць не тыя, хто кажа, што «вайна - брудная справа». Гінуць тыя, хто кажа, што «гэта мая справа». Калі не я, то хто? Хто зменіць гэты свет?

Эдуард Лобаў не таму стаў героем, што загінуў ва Украіне. Ён у Беларусі ў свой час адседзеў чатыры гады, яшчэ тады, калі шмат хто не ведаў, якое зло яны будуюць. Тыя, якія выйшлі ў 2020 годзе на вуліцы, калі сядзеў Эдзік у турме, будавалі гэтую сістэму, атрымлівалі за гэта грошы. Вось тады ён стаў героем, калі ўбачыў наперад, што такое зло, пачаў з ім змагацца.

Ягоны паплечнік Зміцер Дашкевіч дагэтуль сядзіць у турме. За што? Бо хрысціянін па жыцці, трымаецца хрысціянскіх прынцыпаў. Асудзілі адзін раз, потым далі яшчэ адзін год. Чаму? Бо не паддаўся «паняццям рэжыму». Бо герой.

Героі гінуць, але героі - гэта як і хрысціяне - насенне. Дзякуючы таму, што праліваецца іх кроў, нараджаецца вера нават у тых людзей, якія не вераць у перамогу.

Адкуль узяўся 2020 год? Адкуль выйшлі людзі? Чаму людзі абудзіліся? Бо былі такія, як Эдуард Лобаў, як Дашкевіч, як іншыя. Бо былі героі, бо гінулі, бо пралівалі кроў. Пакуль чалавек жыве на гэтай зямлі - гэта нармальна, змагацца за свабоду. Бо без свабоды гэтае жыццё не мае сэнсу. Таму і гінуць героі, каб мы жылі.

Я не веру, што смерці герояў марныя. Я веру, што мы абудзімся, задумаемся. Сёння вельмі шмат расчаравання. З кім не пагаворыш - ва ўсіх дэпрэсія, усе расчараваныя. Мой адказ просты - чытайце Біблію. Я Біблію да канца прачытаў, ведаю, што ў канцы ўсё будзе добра. Шчаслівы той, хто сёння стаіць у гэтай барацьбе на баку дабра.

Давайце аб'яднаемся на падставе таго, што для нас каштоўнасць - гэта Беларусь. Каштоўнасць - не толькі маё жыццё, заробак, сям'я, але і Беларусь. Калі гэтая думка будзе ў галаве кожнага палітыка, аналітыка і грамадзяніна, у нас усё будзе добра. Нашы героі будуць нас натхняць сваімі подзвігамі, паказваць, што жыццё без свабоды не мае сэнсу, а мы дасягнем таго, да чаго імкнемся - пабудуем новую Беларусь.

Аднойчы я сказаў чалавеку, калі ён спытаў, што рабіць, я кажу: «На фронт едзь». Тады абвінавачвалі мяне некаторыя браты па веры: «Як ты, ксёндз, мог сказаць: едзь на фронт? А дзе ж выкананне запаведзі: не забі?» Бачыце, той, хто задае такія пытанні, калі вайна ўжо пачалася, калі кулі ўжо ляцяць - тым самым ён спрабуе апраўдаць зло.

Але для чалавека верніка няма пытання: «што рабіць», калі ідзе вайна. Вайну трэба спыніць. Як спыніць вайну? Памаліцца - гэта добра, трэба маліцца, выконваць пост - гэта добра, гэта вельмі важна. Але як спыніць вайну? Калі хочаш спыніць вайну - трэба спыніць тыя кулі, якія ўжо ляцяць. А як ты іх спыніш? Калі ты не паедзеш на лінію агню - ты не спыніш кулі, яны прыляцяць у мірных грамадзян. Хто за гэта адказвае? Кожны з нас, хто ведае аб тым, што кулі ўжо ляцяць.

Той, хто сумняваецца, што рабіць, няхай задасць рытарычнае пытанне такім людзям, як святая Жанна д’Арк. А што рабіць, калі агрэсар напаў на тваю краіну, калі акупаваў яе? Вось святая Жанна д’Арк у XV стагоддзі ў Францыі, будучы зусім маладой дзяўчынай, яна не задавала сабе такое пытанне: што рабіць. Яна праводзіла духоўнае жыццё на найвышэйшым узроўні, але ўзяла меч у свае рукі.

Напрыклад, дабраславёны Стэфан Вышынскі, калі ў Польшчы былі ваенныя падзеі падчас Другой Сусветнай вайны - ён пайшоў на вайну, ён быў капеланам. Так, ён будучы святаром не браў аўтамат у рукі, але ён быў на вайне. Ён не казаў, што вайна - гэта «брудная справа». Ён быў там, дзе быў чалавек. Што рабіць? Ваяваць, як разумееце. Не хавацца, а спыніць зло. Вось тады і скончыцца вайна. Няма іншага выйсця. Для агрэсара вайна заўсёды ёсць злачынствам. Для таго, хто ёсць ахвяра: Беларусь, Украіна, вайна - гэта святы абавязак абараняць сваю краіну. Беларусь акупаваная. А як яшчэ абараняць, не абараніўшы Украіну? Эдуард Лобаў думаў не толькі пра Украіну, пра Беларусь думаў. І ўсе іншыя беларусы, якія там ваююць. Гэта нашы агульныя інтарэсы сёння. Такім чынам мы змагаемся за нашу свабодную Беларусь. Іншага нам не дадзена.

Мы дакладна дойдзем да Беларусі, да перамогі. Але не дай Бог, каб на гэтай дарозе ўзяць паўзу. У 1994 годзе паўзу ўзяло беларускае грамадства. І героі гінулі, людзі аддавалі свае жыцці, на алтар радзімы клалі.

Смерці не трэба баяцца. Трэба баяцца ўзяць паўзу і пражыць сваё жыццё, не змагаючыся за свабоду.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках